Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм, размешчаны ў горадзе Лагойск, Беларусь.
Храм пабудаваны ў 1866 годзе. Храм размешчаны ў цэнтральнай частцы Лагойска, на правым беразе ракі Гайны. Будынак каменны, мае форму прадаўгаватага прамавугольніка з адным адкрытым купалам у сярэдзіне будынка і званіцай у франтоннай частцы.
Адначасова царкву можа наведваць да 700 чалавек.
Настаяцелем храма з’яўляецца айцец Уладзімір Зімніцкі.
Гісторыя
Свята-Нікалаеўская царква ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1653 годзе. Царква чатырохразова цалкам абнаўлялася: у 1734, 1795, 1824 і 1866 гг.
У 1866 годзе храм збудаваны на месцы старажытнай Прачысценскай царквы.
У 1907 годзе ў храм вернута старажытная ікона Лагойскай Маці Божай, якая лічылася страчанай.
У канцы 1920-х гадоў царква была зачынена, у ёй размяшчаўся склад збожжа.
У 1941 годзе храм быў ізноў адкрыты.
У 1980-я гады сцены храма былі распісаны майстрамі-іканапісцамі з Сергіева Пасада.
Архітэктура
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя царквы складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму, пяціграннай апсіды з нізкімі бакавымі рызніцамі, трох’яруснай (драўляны васьмярык на 2 чацверыках) шатровай званіцы над прытворам, невысокай трапезнай. Асноўны аб’ём увянчаны васьмігранным светлавым барабанам з шатровым верхам, які быў завершаны купалком. Фасады раскрапаваны буйнымі лапаткамі, апяразаны карнізамі. Высокія арачныя аконныя праёмы ў 2 ярусы дэкарыраваны прафіляванымі ліштвамі. Бакавыя ўваходы аформлены двухслуповымі ганкамі.
Інтэр’ер
У інтэр’еры зала перакрыта парусным скляпеннем на 4 слупах, якія падтрымліваюць васьмігранны светлавы барабан з 4 арачнымі аконнымі праёмамі. Апсіду вылучае двух'ярусны іканастас на 20 абразоў з залачонымі рамамі і карнізамі.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі