Звесткі ў артыкуле або некаторых яго раздзелах састарэлі
Вы можаце дапамагчы праекту, абнавіўшы іх і пасля прыбраўшы гэты шаблон.
Успышка хваробы COVID-19, выкліканай новым каранавірусам (2019-nCoV), пачалася ў сярэдзіне снежня 2019 года ў горадзе Ухань у цэнтральным Кітаі са з’яўлення і фіксацыі сярод мясцовых жыхароў, звязаных з рынкам жывёл і морапрадуктаў у г. Ухань, пнеўманіі невядомага паходжання. Пасля кітайскія навукоўцы вылучылі новы каранавірус — 2019-nCoV, які не меней за 70% падобны генетычнай паслядоўнасцю на вірус SARS-CoVа, які выклікае цяжкі востры рэспіраторны сіндром (вядомы таксама як атыповая пнеўманія). Пасля яны склалі карту і выявілі генетычную паслядоўнасць геному новага віруса[1][2][3][4].
29 сакавіка кітайскія ўлады заявілі аб заканчэнні эпідэміі ў краіне[5].
Станам на 2023 год у краіне зафіксавана 99 млн выпадкаў заражэння, у тым ліку 121 тыс. смерцяў[6].
Эпідэміялогія
Многія першыя хворыя былі датычныя да рынку Уханя, на якім прадаюцца морапрадукты, а таксама птушкі, змеі, кажаны і сельскагаспадарчыя жывёлы. Меркавалася, што каранавірус мутаваў у арганізме жывёлы, пасля чаго атрымаў магчымасць заразіць чалавека.
Станам на 26 студзеня 2020 года, паводле афіцыйнай інфармацыі Кітая, зарэгістравана больш за 2033 выпадкаў заражэння вірусам. Сімптомы хваробы ва ўсіх хворых з’явіліся паміж 8 снежня 2019 года і 2 студзеня 2020 года. 7 заражаных былі класіфікаваны як цяжка хворыя. 11 студзеня 2020 г. адзін з пацыентаў, 61-гадовы мужчына, памёр, а 15 студзеня 2020 года другі хворы, 69-гадовы мужчына, памёр ад наступстваў віруснай інфекцыі. Агулам, на той момант, загінула 80 чалавек[7].
Першыя паведамленні пра ўспышкі хваробы з’явіліся 31 снежня 2019 года[8], а першыя клінічныя праявы ў тых, хто захварэў з’явіліся раней — 8 снежня 2019 года[9]. Рынак ва Уханi быў закрыты 1 студзеня 2020 года, а людзей з клінічнымі праявамі ізалявалі. Пасля быў праведзены маніторынг больш за 700 чалавек, у тым ліку больш за 400 медыцынскіх работнікаў, якія кантактавалі з падазронымі выпадкамі захворванняў[10]. Што тычыцца прымянення дыягнастычнага ПЛР-тэсту, то пацвердзілася наяўнасць каранавiруса 2019-nCoV у 41 чалавека ў раёне Ухань. Пазней паведамлялася пра сужэнцаў, адзін з якix на рынку не быў, але ўсё адно захварэў, тады як яшчэ трое іншых членаў гэтай жа сям’і працавалі на гэтым рынку[11][12]. 9 студзеня 2020 года ў горадзе ад новай хваробы памёр 61-гадовы чалавек[13]. 16 студзеня ўлады Кітая абвясцілі, што напярэдадні памёр яшчэ адзін 69-гадовы мужчына ва Уханi, у якога таксама пацвердзілася захворванне[14][15][16].
16 студзеня ўлады Кітая абвясцілі, што напярэдадні памёр яшчэ адзін 69-гадовы мужчына ва Ухані, у якога таксама пацвердзілася захворванне[14][15][16].
З таго факту, што за межамі Кітая былі зарэгістраваныя некалькі выпадкаў захворвання, эпідэміёлагі прыйшлі да высновы, што колькасць людзей, інфікаваных у горадзе, павінна быць значна (на 1-2 парадкі) большая за афіцыйна зарэгістраваны 41 выпадак. Паводле ацэнак экспертаў-вірусолагаў, колькасць людзей, інфікаваных ва Ухані, складае ад 1700 чалавек на 17 студзеня 2020 года.
Той факт, што некалькі супрацоўнікаў бальніцы, якія займаліся лячэннем хворых, таксама захварэлі, ясна паказаў, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека.
20 студзеня 2020 года кітайскія ўлады раптам паведамілі пра рэзкае павелічэнні ліку новых выпадкаў захворвання выкліканага каранавірусам 2019-nCoV адразу на 140 новых пацыентаў, некаторыя з якіх выяўлены за межамі Уханя ў Шэньчжэні і ў Пекіне.
Былі выказаны сур’ёзныя апасенні, што надыходзячы кітайскі Новы год можа значна спрыяць распаўсюджванню віруса. Сотні мільёнаў кітайцаў традыцыйна наведваюць гэтае свята ў Кітаі і за яго межамі, каб адпачыць, адсвяткаваць і сустрэцца са сваякамі.
Каранцін
Транспартныя зносіны ў правінцыі Хубэй прыпынілі дзесяць гарадоў[17]: першым аб увядзенні абмежаванняў на выезд і ўезд у горад заявіў горад Ухань, пазней да яго дадаліся яшчэ дзевяць гарадоў — Хуаншы, Эньшы, Чыбі, Сяньтао, Хуанган, Чжыцзян, Эчжоу, Цяньцзян і Сяньнін.
У горадзе Ухань (паняцце горад у Кітаі ўжываецца не колькі да самога гораду, колькі да адміністрацыйнай адзінкі, куды звычайна акрамя самога горада ўваходзяць і іншыя размешчаныя зблізку яго населеныя пункты, у тым ліку сельскія; насельніцтва самага Ухань каля 9 млн чалавек; і 12 млн чал. з прыгарадамі) эфектыўны каранцін пры ўездзе і выездзе з горада быў паўнавартасна ўведзены з 23 студзеня з 10:00 раніцы. Авіязносіны, чыгуначны транспарт, грамадскія аўтобусы, сістэма метро і міжгароднія аўтобусы цалкам прыпыненыя да далейшага паведамлення[18]. Жыхары Уханя атрымалі ўказанне не пакідаць горад. Бібліятэкі, музеі і тэатры адмянілі мерапрыемствы і спектаклі.
Ва Ухані створаны каардынацыйны цэнтр па стрымліванні эпідэміі. Эпідэміёлагі з групамі, якія складаліся з медыцынскіх спецыялістаў, заявілі, што ўспышка ва Ухані, па меншай меры, у 10 разоў больш па памерах, чым успышка атыповай пнеўманіі, паклікаўшы людзей трымацца далей ад Уханя, як толькі магчыма[19][20][21][22].
Пасля ўвядзення каранціну ўзніклі праблемы з лагістыкай, якія выклікалі перабоі ў пастаўках харчовых прадуктаў, лекаў і тавараў першай неабходнасці. Фіксаваўся значны (у 6—10 разоў) рост цэн на прадукты харчавання[23] і медыкаменты, недахоп прадуктаў, які выклікаў цісканіну і чэргі ў гандлёвых кропках. Былі праблемы з перамяшчэннем па горадзе на грамадскім транспарце, праблемы з дастаўкай і цяжкасці для медыцынскага персаналу, якія са складанасцямі дабіраліся да бальніц і лабараторый[24].
Некаторыя пасты на Weibo абвяшчалі, што лякарні ва Ухані перагружаная тысячамі людзей з ліхаманкай і пераканаўча прасілі вельмі крытычна ставіцца да дакладнасці і афіцыйных даных кітайскага ўрада (такія пасты былі выдаленыя па невядомых прычынах)[25]. Мясцовы ўрад горада Ухань запатрабаваў ад дзяржаўнага прадпрыемства China Construction Third Engineering Bureau Group Co., Ltd (中 建 三 局 集團) з максімальнай хуткасцю перабудаваць памяшканне ва Ухані ў Цэнтр вірусатэрапіі[26], параўнальны з тым, што выкарыстоўваўся падчас масавай успышкі атыповай пнеўманіі SARS у 2003 годзе[27].
У іншых гарадскіх акругах, акрамя Уханья, таксама было абвешчана пра закрыццё ўезду і выезду ў Хуанган (насельніцтва 6 млн чал.), Эчжоу (насельніцтва за 1 млн чал.) і аб увядзенні каранцінных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі названых населеных пунктаў.
23 студзеня а 23:00 (UTC + 8) урад Кітая абвясціў аб закрыцці Чыбі (насельніцтва за 0,5 млн чал.), якое ўступіла ў сілу ў 00:00 24 студзеня[28][29][30].
Замежная дапамога
29 студзеня з аэрадрома ў Мачулішчах (Беларусь) у Кітай адправіўся транспартнік Іл-76МД, якога загрузілі гуманітарнай дапамогай для хворых[31]. На борце мелася 20 тон грузаў, у тым ліку лекі, медыцынская адзенне і сродкі дэзінфекцыі. Адправіць дапамогу ў Кітай распарадзіўся асабіста прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Міністэрства аховы здароўя рэспублікі аператыўна падала неабходныя тавары, у пагрузцы дапамагалі курсанты МНС, усебаковую падтрымку аказваў МЗС Беларусі[32].
2 лютага расійская кампанія «Лакаматыў», якая займаецца вытворчасцю бахілаў і медыцынскіх масак, сумесна з Міністэрствам прамысловага гандлю Рэспублікі Удмурція, накіравала ў Кітай 3,2 мільёны медыцынскіх масак, на чарзе знаходзіцца адпраўка яшчэ 7 мільёнаў масак і 15 мільёнаў бахілаў[33].