Піпенберг — сядзіба канца XVIII—XIX стст. на ўскраіне Магілёва.
Гісторыя
Належала беларускаму генерал-губернатару Пятру Багданавічу Пасеку (1736—1804). Пасек меў пазашлюбнага сына Пятра[ru] (1779—1825), якога пяшчотна ў дзяцінстве называлі «Піпінка»[1] — ад гэтага імя ўтворана назва сядзібы. Да яго ж, як адзінага сына Пятра Багданавіча, сядзіба перайшла па спадчыне[1]. Затым яна была купленая Янчыным, які пазней падараваў сядзібу для галоўнай штаб-кватэры расійскай арміі[2].
Ансамбль сядзібы размяшчаўся на дзвюх тэрасах правага берага Дняпра. На верхняй тэрасе па-над прамавугольным ставам стаяў сядзібны дом у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй — натуральныя і штучныя пасадкі, творы дойлідства малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Цэнтр ансамбля — трохпавярховая мураваная прамавугольная ў плане гаспода ў стылі класіцызму (1780-я) з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй (захаваліся падмуркі). Цэнтр галоўнага фасада, арыентаванага на раку, быў вылучаны плоскім рызалітам, васьмікалонным порцікам і завяршаўся паўфрантонам. Вокны першага паверха прамавугольныя, другога і трэцяга — стральчатыя. Планіроўка мяшаная, у цэнтры размяшчалася прамавугольная ў плане парадная зала з выхадам на балкон. Вестыбюль, лесвіцы і іншыя дапаможныя памяшканні згрупаваны ў частцы дваровага фасада[2].
Сядзіба не збераглася. Уцалелі рэшткі падмуркаў, часткова збярогся парк[2].