Пячатка з раскопак у Лаўрышаве

Пячатка з раскопак у в. Лаўрышава і прыклад адбітку з яе. Навіны тэлеканалу «Беларусь 1», 11 верасня 2015 года.

Пячатка з раскопак у Лаўрышаве — прыкладна́я каменная пячатка-матрыца, выяўлена ў 2015 годзе пры раскопках на археалагічным селішчы Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна. Формай падобная да бруска, на адным з тарцоў выразаны надпіс у 2 радкі. Адметнасць знаходкі ў захаванасці менавіта матрыцы, бо звычайна сярэдневяковыя пячаткі знаходзяць як адбіткі. Аналагаў у Беларусі няма.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, Лаўрышаўскі манастыр заснаваў каля 1260 года сын вялікага князя літоўскага Міндоўга — Войшалк, вялікі князь літоўскі ў 1264—1267 гадах. Паводле царкоўнага падання, манастыр заснаваў у сярэдзіне XIII ст. ігуменам Елісеем.

Археалагічныя даследаванні ў Лаўрышаве

Месцазнаходжанне Лаўрышаўскага манастыра з XVI ст. вядома па дакументах. Археалагічныя абследаванні ў Лаўрышаве пачаў у 1990 годзе Аляксандр Краўцэвіч, які зрабіў выснову: «На падставе здабытага падчас раскопак археалагічнага матэрыялу можна сцвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра»[1]. У 2011—2015 гадах раскопкі ў гэтым месцы праводзілі Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі, якія складаліся з добраахвотнікаў, пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Сяргея Рассадзіна. Па выніках даследаванняў ім была зроблена выснова, што манастыр існаваў на гэтым месцы з часу заснавання ў XIII ст.[2]

Выяўленне пячаткі

У экспедыцыі вялася палявая апрацоўка археалагічных матэрыялаў, кіраўнік — гісторык Тэльман Маслюкоў[2], знаходка папярэдне вызначана як каменны брусок і пакінута для навуковага даследавання, ёй нададзены шыфр «Л15 37/5».

Пры абследаванні знаходкі ў Мінску Сяргей Рассадзін выявіў на тарцы бруска надпіс. Тэльман Маслюкоў выказваў думку, што гэта можа быць імя ўладальніка[3]. На думку Рассадзіна, артэфакт зроблены са сланцавага каменя, які здабывалі і апрацоўвалі[ru] да сярэдзіны XIII ст.[4] Вырабы з такога сланцу ў археалогіі лічаць датавальнымі, бо ў 1240 годзе камнездабыўныя майстэрні былі разбураны падчас мангола-татарскага нашэсця і пазней не аднаўляліся[5]. Для прачытання надпісу знаходку перадалі спецыялістцы па эпіграфіцы, кандыдатцы гістарычных навук Іне Калечыц.

Прачытанне і вызначэнне

Зверху ўніз: матрыца (літары размешчаны ў зваротным парадку, які звычайны для матрыц), адбітак тэксту для чытання і рысунак з яго паводле Сяргея Шупы. Крайняй левай літары ў другім радку на адбітку не бачна.

Прачытанне надпісу ў лабараторных умовах і вызначэнне тыпу знаходкі прапанавала Іна Калечыц. Паводле яе высновы, артэфакт гэта пячатка, а надпіс чытаецца як «Святая пу́стынь», пры гэтым першае слова напісана скарочана на грэчаскай мове[6], што было характэрна для XII—XIV стагоддзяў: Ά(για) Пꙋ[С]ТІN[7]. Літару «н» ва ўсходнеславянскай кірыліцы да XIV ст. пісалі ў грэчаскай форме Ν. У такім разе, знаходка папаўняе шэраг ранніх пячатак часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Іншае прачытанне, па апублікаваных фотаздымках матрыцы і адбітку, прапанаваў мовазнавец і перакладчык Сяргей Шупа. На яго думку, на здымках «на тарцы каменнага бруска… можна… без вялікіх намаганняў» прачытаць напісанае квадратным яўрэйскім шрыфтам імя Іцхак-Айзі[к] (יצחק אייזיק)[8]. З такім прачытаннем пагадзіліся доктар гуманітарных навук Л. Лемперт (выкладчыца гісторыі і культуры яўрэяў гістарычнага факультэта Вільнюскага ўніверсітэта)[9], доктар гістарычных навук К. Цукерман[en] (прафесар візантыністыкі Практычнай школы вышэйшых даследаванняў, Парыж)[10], а ў Беларусі — калекцыянер яўрэйскіх пячатак, рабін Ш. Ізаксон (Віцебск)[9].

Каментуючы паведамленні пра яўрэйскае прачытанне, І. Калечыц патлумачыла, што яе версія пра грэка-славянскі тэкст папярэдняя, і што спецыяльным вывучэннем гэтага надпісу яна не займаецца[10].

Прадстаўленне

У Лаўрышаве 1 лістапада 2015 года адбылося прадстаўленне пячаткі грамадскасці[11][12], а 5 лістапада, у дзень прастольнага свята Лаўрышаўскага манастыра, пячатка разам з археалагічнай экспазіцыяй была паказана мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі Паўлу, духавенству і гасцям[13].

Паведамленне С. Я. Рассадзіна і І. Л. Калечыц «Каменная матрыца пячаткі з Лаўрышаўскага манастыра» было ўключана ў праграму міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», у секцыі «Духоўная і матэрыяльная культура» (5—6.11.2015, Мінск)[14].

Крыніцы

  1. Краўцэвіч 1996.
  2. а б Пракопчык, Б. Загадкі лаўрышаўскага манастыра // Звязда. — 2015. — 4 жніўня. — Дата доступу праз інтэрнэт: 13.11.2015.
  3. Маслюкоў, Т. В. Ад каменнага нажа да шахматнай фігуры: новыя раскопкі ў Лаўрышаве Архівавана 1 студзеня 2017. // gomelcivil.org [Электронны рэсурс] — 2015. — 15 жніўня. — Дата доступу: 29.10.2015.
  4. Гл., напр.: Рыбаков, Б. А. Ремесло древней Руси(недаступная спасылка). — М., 1947. — С. 195—196. (руск.)
  5. Гл., напр.: Векслер, А. Г. Раскопки в Москве на Арбате / А. Г. Векслер, Ю. Ю. Васильев // Наука и жизнь. — 1996. — № 11. — Дата доступу праз інтэрнэт: 12.11.2015. (руск.)
  6. Археологи говорят о второй за год сенсации Архівавана 8 снежня 2015. // tvr.by [Электронный ресурс] — Минск. — 2015. — 11 сентября. — Дата доступа: 24.11.2015. (руск.)
  7. Галоўка, С. Тайны Лаўрышаўскага манастыра: шлях да разгадак Архівавана 27 студзеня 2016. / С. Галоўка // Беларуская думка. — 2015. — № 11. — С. 50—57. ISSN 0023-3102.
  8. Шупа, С. Які Іцхак-Айзік згубіў пячатку ХІІІ стагоддзя ў Лаўрышаўскім манастыры? // Радыё Свабода [Электронны рэсурс]. — Прага. — 2015. — 22 кастрычніка. — Дата доступу: 22.10.2015.
  9. а б Надпіс на старажытнай пячатцы: іўрыт ёсьць, а габрэяў не было? // Радыё Свабода [Электронны рэсурс] — Прага. — 2015. — 28 кастрычніка. — Дата доступу: 29.10.2015.
  10. а б Гісторык Рассадзін — адзіны праціўнік іўрыту на пячатцы з Лаўрышаўскага манастыра? // svaboda.org [Электронны рэсурс]. — Прага. — 2015. — 30 кастрычніка. — Дата доступу: 30.10.2015.
  11. Петрова, А. Печать XIII века представили на подворье Свята-Елисеевского мужского монастыря Архівавана 2 лютага 2016. / А. Петрова // novgazeta.by [Электронны рэсурс] — Навагрудак. — 2015. — 1 ноября. — Дата доступу: 9.11.2015. (руск.)
  12. Пячатку XIII стагоддзя прэзентавалі на падвор’і Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра Архівавана 8 снежня 2015. // tvr.by [Электронны рэсурс] — Мінск. — 2015. — 2 лістапада. — Дата доступу: 4.11.2015.
  13. Митрополит Павел посетил Елисеевский Лавришевский мужской монастырь / Фото: А. Мизей // Официальный портал Белорусской православной церкви [Электронный ресурс] — Минск. — 2015. — 5 ноября. — Дата доступа: 10.11.2015. (руск.)
  14. Праграма міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура» // Інстытут гісторыі НАНБ [Электронны рэсурс] — Мінск. — Дата доступу: 04.11.2015.

Літаратура

Спасылкі