Пераход Судана да дэмакратыі (араб.انتقال السودان إلى الديمقراطية) — сучасны этап гісторыі Судана, які пачаўся пасля звяржэння прэзідэнта Амара аль-Башыра. Адзначыўся фарміраваннем пераходнага ўрада, грамадскім і ваенным супрацьстаяннем. Гэты перыяд, паводле плану часовых уладаў, павінен скончыцца правядзеннем дэмакратычных выбараў.
У снежні 2018 года ў Судане пачаліся пратэсты, калі ў некалькіх гарадах ўспыхнула серыя дэманстрацый з-за рэзкага росту кошту жыцця і пагаршэння эканамічнага стану[1]. У студзені 2019 года ўвага пратэстуючых пераключылася з эканамічных пытанняў на заклікі да адстаўкі прэзідэнта краіны Амара аль-Башыра[2][3]. У адказ кіраўніцтва дзяржавы абвясціла першае надзвычайнае становішча ў краіне за апошнія дваццаць гадоў на фоне растучых беспарадкаў, а таксама правяло шэраг перастановак ва ўладзе, якія так і не выправілі сітуацыю[4][5].
Раніцай 11 красавіка 2019 года Узброеныя сілы Судана арганізавалі ваенны пераварот: вайскоўцы распусцілі кабінет міністраў і Нацыянальны сход, а таксама абвясцілі трохмесячнае надзвычайнае становішча, за якім павінен быў рушыць услед двухгадовы пераходны перыяд[6]. Ахмед Авад ібн Ауф, які адначасова з’яўляўся міністрам абароны і віцэ-прэзідэнтам краіны, абвясціў сябе дэ-факта кіраўніком дзяржавы і заявіў аб прыпыненні дзеяння канстытуцыі[7].
Усе палітычныя зняволеныя, уключаючы лідараў пратэсту супраць аль-Башыра, былі вызваленыя з турмы[8]. Партыя экс-прэзідэнта «Нацыянальны кангрэс Судана» заявіла, што яны правядуць мітынг у падтрымку зрынутага кіраўніка дзяржавы[9]. У сваю чаргу, салдаты здзейснілі налёт на офісы Ісламскага руху, асноўнага ідэалагічнага крыла «Нацыянальнага кангрэса» ў Хартуме[10].
Першапачаткова ўся ўлада была толькі ў арміі. Судан знаходзіўся пад кіраваннем Пераходнага ваеннага савета (ваеннай хунты). Летам 2019 года генерал Абдэль Фатах аль-Бурхан, пераемнік Ауфа, заключыў з рухам «Сілы за свабоду і перамены» дагавор аб падзеле ўлады з вайскоўцамі, стварыўшы Суверэнны савет[11]. У яго склад увайшлі як грамадзянскія асобы, так і вайскоўцы.
Орган створаны ў адпаведнасці з праектам канстытуцыйнай дэкларацыі ад жніўня 2019 года[12][13]. У адпаведнасці з артыкулам 10 пункт b праекта канстытуцыйнай дэкларацыі, Савет складаецца з пяці грамадзянскіх асоб, выбраных Сіламі за свабоду і перамены (ССП), пяці вайскоўцаў, выбраных пераходным ваенным саветам (ПВС), і грамадзянскай асобы, абранай па дамове паміж ССД і ПВС. Старшынёй на працягу першых 21 месяца з’яўляўся вайсковец Абдэль Фатах аль-Бурхан, а на працягу астатніх 18 месяцаў старшынёй павінен быў стаць грамадзянскі член у адпаведнасці з артыкулам 10 пункт c.
За першыя два гады існавання дадзены орган так і не змог прымірыць бакі з глыбокімі палітычнымі рознагалоссямі, што існавалі яшчэ ў часы аль-Башыра. Больш за тое, Савет пачаў праводзіць жорсткія эканамічныя рэформы, каб прэтэндаваць на пазыкі Міжнароднага валютнага фонду, аднак такое рашэнне выклікала супраціў сярод насельніцтва[14].
У верасні 2021 года на ўсходзе краіны пачаліся беспарадкі[15]. У гэтых умовах прыхільнікі Башыра пачалі рыхтаваць путч, аднак ён правіліўся. Пасля інцыдэнту былі арыштаваны 60 ваенных[16][17][18].
Падзеі выклікалі рост напружанасці ў адносінах паміж вайскоўцамі і грамадзянскімі асобамі, паколькі ваенныя лідары пачалі патрабаваць рэформаў з боку «Сілы за свабоду і перамены» і заклікалі да адстаўкі асоб з кабінета міністраў[19]. Канфлікт выліўся ў новы ваенны пераварот, падчас якога прынамсі 5 высокапастаўленых асоб былі затрыманы, у тым ліку прэм’ер-міністр Абдала Хамдок[20][21][22][23]. Было абвешчана аб увядзенні рэжыму надзвычайнага становішча і роспуску ўрада[24][25]. Усю ўладу ў краіну захапіў генерал Бархан.
Грамадзяне, якія выступалі супраць ваеннага перавароту, выйшлі на вуліцы сталічнага Хартума. Арыштаваны Абдала Хамдок падчас перавароту заклікаў выходзіць на дэманстрацыі[26].
Аднак пагроза застацца без фінансавай падтрымкі звонку заахвоціла суданскіх вайскоўцаў аднавіць на пасадзе Абдалу Хамдока. 21 лістапада Бурхан падпісаў у Хартуме пагадненне з Хамдокам аб вяртанні апошняга на пасаду прэм’ер-міністра. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія ўвесь месяц гэтага дамагаліся, вырашылі не спыняць пратэсты[27]. Замест Суверэннага савета ўтвораны Пераходны суверэнны савет[28][29][30].