Мі́ла Джу́канавіч (чарнагор.: Milo Đukanović, Мило Ђукановић[mǐːlɔ̝ d͡ʑǔkanɔ̝v̞it͡ɕ]; нар. 15 лютага1962, Нікшыч, НРЧ, ФНРЮ) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Чарнагорыі. Займаў высокія дзяржаўныя пасады ад 1991 да 2023 года. Чатыры разы станавіўся прэм'ер-міністрам, быў міністрам абароны, а таксама меў прэзідэнцкі тэрмін у 1998-2002 гадах, у 2018 ізноў абраны Прэзідэнтам Чарнагорыі, але прайграў наступныя прэзідэнцкія выбары.
Біяграфія
У маладосці быў актывістам Саюза камуністаў Югаславіі. Калі яму было ўсяго 26 гадоў, у 1989 г., быў абраны ў склад ЦК. Разам са сваімі паплечнікамі — Момірам Булатавічам і Святазарам Маравічам — адхіліў ад улады ў Чарнагорыі «старую гвардыю», разгарнуўшы кампанію так званай «антыбюракратычнай рэвалюцыі» пры прамой падтрымцы Слабадана Мілошавіча і органаў дзяржбяспекі. Хоць фармальна іх трыумвірат не займаў ключавых пасад, яны змаглі расставіць на важныя дзяржаўныя пасады сваіх людзей.
Прыхільнік інтэграцыі Чарнагорыі ў ЕС. Пры ім Чарнагорыя, фармальна ўваходзячы ў Югаславію, была адгароджана ад яе мытным і валютным бар'ерам (грашовай адзінкай Чарнагорыі з'яўляецца еўра). Па яго ініцыятыве ў 2006 быў праведзены рэферэндум, у выніку якога Чарнагорыя стала незалежнай ад Сербіі і выйшла са складу канфедэрацыі.
Пасля таго як прэм'ер-міністр Чарнагорыі Жэлька Штуранавіч падаў у адстаўку 31 студзеня2008, Джуканавіч быў рэкамендаваны на гэту пасаду прэзідэнтам Філіпам Вуянавічам20 лютага. Знаходзіўся на пасадзе з 29 лютага 2008 па 29 снежня 2010 г. Ізноў стаў прэм'ер-міністрам 4 снежня 2012 года. Трымаў курс на забеспячэнне стабільнасці, паступальные развіццё дзяржавы і ўмацаванне яе аўтарытэту на міжнароднай арэне.
У лістападзе 2016 года ў Чарнагорыі заявілі, што «рускія нацыяналісты» планавалі забіць прэм'ера Джуканавіча. Як сцвярджалі СМІ, члены групоўкі дзейнічалі пад кантролем генерала Браціслава Дзікіча, вядомага сваёй прарасейскай пазіцыяй. Па словах спецпрокурора Чарнагорыі, зламыснікі такім чынам хацелі перашкодзіць уступленню Чарнагорыі ў НАТА. Пры гэтым, як заявіў пракурор, у яго няма ніякіх доказаў таго, што да арганізацыі замаху была датычная ўлада Расіі. У чэрвені 2017 года Чарнагорыя афіцыйна стала 29-м членам НАТА.
15 красавіка 2018 атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Чарнагорыі. На наступных прэзідэнцкіх выбарах у другім туры 2 красавіка 2023 года саступіў Якаву Мілатавічу[sr].