Медаль ордэна Пагоні, у арыгінале «Мэдаль ордэна Пагоні» — узнагарода Рады БНР. Заснавана паводле ўнесеных у Статут Ордэна Пагоні паправак ад 24 лістапада 2022. Вышэйшай па сваім статусе ўзнагародай з’яўляецца тытул кавалера ці дамы Ордэна[1].
Статут
Медаль уручаецца беларускім грамадзянам і замежнікам беззаганнага характару, якія маюць асаблівыя заслугі перад беларускім народам[1]:
- Асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі;
- Выбітным грамадскім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа;
- Замежнікам, якія спрычыніліся да даследаванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Медаль уручаецца адмысловым дэкрэтам Старшыні Рады БНР. Дэкрэт мусіць змяшчаць заслугі, за якія ўручаецца медаль[1].
Медаль можа быць пасмяротнай узнагародай, але надавацца на працягу не больш як дзесяці гадоў пасля смерці. Пры рашэнні аб пасмяротным узнагароджанні імя ўносіцца ў спіс спачылых узнагароджаных медалём, блізкім сваякам уручаецца медаль і выдаецца Дыплом аб узнагароджанні кіраўніцтвам Капітула Ордэна або органа, які дзейнічае ў яго якасці[1].
Спіс кандыдатаў на ўзнагароджанне складаецца і зацвярджаецца ў адпаведнасці са Статутам Камісіі па ўзнагароджаннях пры Радзе БНР.
Камісія па ўзнагароджаннях пры Радзе БНР таксама павінна атрымаць меркаванне Капітулы Ордэна (пры яе наяўнасці) датычна кандыдатаў на ўзнагароджанне[1].
Асобам, узнагароджаным медалём, выдаецца дыплом[1].
Асобы, узнагароджаныя раней медалём Пагоні, паўторна гэтым медалём не ўзнагароджваюцца, а могуць атрымліваць тытул кавалера або дамы Ордэна Пагоні[1].
Пазбаўленне медалю
Перастае быць узнагароджаным медалём тыя, каго Капітул або арган, які дзейнічае ў яго якасці, выключыць з ліку ўзнагароджаных, пры ўхваленні гэтага рашэння Прэзідыумам Рады БНР, праз[1]:
- Неганаровы ўчынак, у тым ліку карыслівае злачынства з элементам ашуканства;
- Адкрыццё новых фактаў, што касуюць праўдзівасць ці важнасць падстаў рашэння аб узнагароджанні;
- Здраду ідэалам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Капітул або орган, які дзейнічае ў яе якасці, можа, з увагі на абставіны выключэння з ліку ўзнагароджаных, абвясціць аб забароне публічнага нашэння такой асобай медаля раней ці замест выключэння[1].
Апісанне
Медаль увесь з жоўтага металу, круглай формы, на пярэднім баку выява Крыжа Ордэна Пагоні, на адваротным баку выбіты надпіс: «Не разьбіць, Не спыніць, Не стрымаць» і змешчаны нумар[1].
Стужка медаля складаецца з вертыкальных палос: дзвюх тонкіх чырвоных па краях, шырокіх белых і шырокай чырвонай па цэнтры[1].
Адзнакі
Характар заслуг, за якія адбылася ўзнагарода медалём, можа быць абазначаныя на стужцы і планцы медаля адпаведнымі адзнакамі[1]:
- За вайсковыя ці аналагічныя вайсковым заслугі або заслугі ў баявых ці аналагічных баявым абставінах — сімвал скрыжаваных шабляў залатога колеру;
- За праяву надзвычайнай адвагі ў любых абставінах — знак ліста дуба залатога колеру;
- За дасягненні ў сферы адукацыі, навукі, культуры — знак расчыненай кнігі і паходні залатога колеру.
Гэтыя дадатковыя адзнакі могуць надавацца і насіцца адначасова. Узнагароджанне асоб, раней узнагароджаных адзнакамі ордэна ці медалём, правам нашэння гэтых адзнак можа адбывацца дадаткова. Права на нашэнне гэтых адзнак усталёўваецца ў Дэкрэце аб узнагароджанні, зазначаецца ў дыпломе медаля[1].
Планка
Планка адзнак медаля Пагоні складаецца з адпаведнай стужкі медаля прастакутнай формы або круглай формы (разеткі). На іх дадаюцца асаблівыя адзнакі. Могуць насіцца мініяцюрныя выявы адпаведнай адзнакі медаля Пагоні[1].
Вядомыя ўзнагароджаныя
2022
Першае ўзнагароджанне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022 г.
- Беларускія актывісты і пратэстоўцы, загінулыя ў 2020—2021 гадах[2]
- Беларускія ваяры, загінулыя ва Украіне ў 2022 годзе[2]
- Беларускія добраахвотнікі і ваяры, загінулыя падчас Рэвалюцыі годнасці і вайны ва Украіне з 2014 года[2]
2023
Узнагароджанне ў 2023 годзе было прымеркавана да Дня Волі. Узнагароджаныя[3]:
- Пасмяротныя ўзнагароджанні
Зноскі
Спасылкі
|
---|
Дзейныя | | |
---|
Колішнія | |
---|
БЦР (Рада БНР не прызнае БЦР) | |
---|
Гадавінныя медалі | |
---|