У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Суслаў.
Павел Суслаў |
Дата нараджэння |
1995[1] |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці |
15 мая 2022(2022-05-15)[2] |
Месца смерці |
|
Грамадзянства |
|
Бітвы/войны |
|
Узнагароды і званні |
|
Павел «Волат» Суслаў (1995[1], Гомель[1] — 15 мая 2022(2022-05-15)[2], Украіна[2]) — беларускі добраахвотнік у складзе Узброеных сіл Украіны. Служыў у разведвальнай роце 3-й брыгады беларускага спецназу. У 2016 годзе адправіўся на Данбас, дзе далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектара». У 2018 годзе заключыў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Займаўся разведвальнай і дыверсійнай дзейнасцю. У 2021 годзе быў сур’ёзна паранены падчас баёў на паўднёвым усходзе Украіны.
На пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўдзельнічаў у фармаванні палка Кастуся Каліноўскага. 15 мая 2022 года падчас выканання баявой задачы падарваўся на расцяжцы. Памёр пасля дзвюх спроб рэанімацыі ад страты крыві. У гонар Паўла Суслава ў палку Кастуся Каліноўскага быў названы батальён «Волат».
Біяграфія
Павел Суслаў нарадзіўся ў Гомелі ў 1995 годзе. У школе цікавіўся гісторыяй[3].
У 2014-2015 гадах, ва ўзросце 18 гадоў, праходзіў тэрміновую службу ў разведвальнай роце 3-й брыгады беларускага спецназу (в/ч 3214)[4][5]. Пасля заканчэння службы год жыў грамадзянскім жыццём. Працаваў ахоўнікам[5].
Удзел у баявых дзеяннях ва Украіне
Восенню 2016 года адправіўся на Данбас і далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектара». Пасля тыдня ў вучэбным лагеры прыступіў да выканання задач на перадавой. Першыя баявыя дзеянні правёў у Пісках, а пазней удзельнічаў у баях за Аўдзііўку, у тым ліку падчас абвастрэння канфлікту ў 2017 годзе[4][5][6].
У 2018 годзе, каб паскорыць працэс легалізацыі ў краіне, заключыў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. У складзе УСУ займаўся разведкай і дыверсійнай дзейнасцю на непадкантрольных тэрыторыях[4][5]. Браў удзел у баявых дзеяннях на Луганскім напрамку, у раёне Светладарскай дугі[5].
У чэрвені 2021 года, падчас баёў на паўднёвым усходзе Украіны, Волат атрымаў цяжкія раненні: аскепкавае ў галаву і ў вобласць сэрца. Павел знаходзіўся ў штучнай коме і быў падключаны да апарата вентыляцыі лёгкіх. Падчас лячэння лекары выдалілі фрагмент аскепка з галавы і рыхтаваліся да аперацыі па выдаленні аскепка ў раёне сэрца[7].
У 2022 годзе ўдзельнічаў у фармаванні палка Кастуся Каліноўскага, Волат узначаліў у палку разведку[8].
Смерць
15 мая 2022 года Павел Суслаў удзельнічаў у аперацыі па вызваленні ад расійскіх войск вёскі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Падчас выканання задання ён зачапіў расцяжку і быў цяжка паранены[9][10].
Парамедыкі прыбылі да пацярпелага праз 20 хвілін. У эвакуацыі Волата ўдзельнічаў Іван «Брэст» Марчук. Парамедыкі двойчы запускалі сэрца Паўла і праводзілі рэанімацыю. Волата даставілі ў бальніцу з працуючым сэрцам, але з прычыны значнай страты крыві выратаваць яго не здолелі[9].
Паводле заключэння аперуючага хірурга, Павел атрымаў цяжкія пашкоджанні печані, ныркі і не менш за пяць раненняў грудной клеткі. Палова грудной клеткі была запоўнена крывёй, а ўнутраная страта крыві склала не менш за тры літры[10].
Узнагароды
10 чэрвеня 2023 года Святлана Ціханоўская ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета пасмяротна ўзнагародзіла Волата медалём «Гонар і годнасць». Узнагарода была ўручана яго сваякам[11]. 15 мая 2024 года Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны ўзнагародзіла Паўла медалём «Україна — понад усе!»[12]. Медаль была ўручана яго маці, Наталлі Суславай[13][14]. Акрамя таго, Волат быў узнагароджаны медалём Ордэна Пагоні БНР[12].
Памяць
У палку Кастуся Каліноўскага ў гонар Паўла быў названы аднайменны батальён «Волат»[8].
Крыніцы
Спасылкі