Манфрэд (Мойшэ) Штэрн (ням.: Manfred (Moses) Stern; 1896 — 18 лютага 1954) — дзеяч камуністачнага руху, супрацоўнік Камінтэрна і агент ГРУ.
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Валока пад Чарнаўцамі на Букавіне, якая ў той час была часткай Аўстра-Венгерыі. Паходзіў з яўрэйскай сям’і.
Змагаўся ў Першай сусветнай вайне, трапіўшы ў рускі палон. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Штэрн вызваліўся і ўступіў у Чырвоную Армію. У якасці камісара ўзначаліў партызанскі атрад, які дзейнічаў супраць войск Аляксандра Калчака.
У 1920—1921 гадах камандаваў брыгадай. Ваяваў у Манголіі супраць войск Рамана Унгерн фон Штэрнберга. Абраны ва ўстаноўчы сход Далёкаўсходняй рэспублікі.
Пасля грамадзянскай вайны Штэрн спачатку вучыўся ў Маскве ў вышэйшай кадравай школе КПСС. У 1923 годзе ён быў накіраваны ў Германію для дапамогі ў стварэнні ваенна-палітычнага апарату КПГ (па лініі Камінтэрна). Служыў у званні брыгаднага генерала пад кодавым прозвішчам Лазар Штэрн у якасці ваеннага саветніка Альберта Шрайнера. Прымаў удзел у Гамбургскім паўстанні.
У 1924 годзе Штэрн вярнуўся ў Маскву і вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ. Пасля стаў супрацоўнікам ГРУ і праводзіў навучанне членаў кампартыі Германіі. У 1929 годзе накіраваны ў Нью-Ёрк і ўзначаліў там нелегальную рэзідэнцыю ГРУ. Дзейнічаў пад кодавым імем Марк Зільберт і стварыў сетку агентаў.
У 1932 годзе адправіўся ў Шанхай, дзе служыў ваенным саветнікам Савецкай Кітайскай Рэспублікі. Спрабаваў заключыць саюз паміж Чырвонай Арміяй Кітая і войскамі Чан Кайшы. У 1935 годзе вярнуўся з Маскву і ненадоўга працаваў у Ота Куўсінена ў сакратарыяце Камінтэрна.
У верасні 1936 года накіраваўся у Іспанію пад выглядам канадскага грамадзяніна аўстрыйскага паходжання пад імем Эміліа Клебер. Першапачаткова выконваў абавязкі ваеннага саветніка. У кастрычніку ўзначаліў XI Інтэрнацыянальную брыгаду[2]. Пасля камандаваў XII Інтэрбрыгадай. Адыграў важную ролю ў ходзе абароны Мадрыда.
У генерала склаліся напружаныя адносіны з кіраўніцтвам Іспанскай Рэспублікі. Напрыклад, ён выступаў супраць бессэнсоўных штурмаў непрыступных пазіцый. У сваю чаргу іспанскія генералы і чыноўнікі абвінавацілі Клебера ў тым, што ён стварыў вакол сябе ажыятаж у прэсе з-за жадання славы.
У студзені 1937 года Штэрна вярнулі ў СССР[3].
Неўзабаве яго арыштавалі. На допытах у НКУС Штэрна прымусілі прызнацца, што ён сабатаваў Гамбургскае паўстанне і быў агентам Германіі ў Іспаніі. Таксама яго абвінавачвалі ў трацкізме. У маі 1939 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла генерала да 15 гадоў пазбаўлення волі.
У лістападзе 1945 года мужчыну асудзілі яшчэ на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў за тое, што ён і восем таварышаў па-ранейшаму прытрымліваліся «антысавецкіх поглядаў».
Напярэдадні смерці Штэрна перавялі ў лягер Сасноўка на крайняй поўначы Сібіры, дзе ён і памёр.
Крыніцы
- ↑ Manfred Stern // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Antony Beevor: Der Spanische Bürgerkrieg. 2. Auflage. Goldmann, München 2008, ISBN 978-3-442-15492-0, S. 209.
- ↑ Antony Beevor: Der Spanische Bürgerkrieg. 2. Auflage. Goldmann, München 2008, ISBN 978-3-442-15492-0, S. 250.
Літаратура
- Walerij Brun-Zechowoj: Manfred Stern – General Kleber. Die tragische Biographie eines Berufsrevolutionärs (1896–1954). Wolfgang Weist, Berlin 2000, ISBN 3-89626-175-4.
- Sidi Gross: General Manfred Stern alias Emilio Kleber. Die Familiengeschichte der Sterns. Papyrus, Tel Aviv 1995.
- Stern, Manfred. In: Hermann Weber, Andreas Herbst: Deutsche Kommunisten. Biographisches Handbuch 1918 bis 1945. 2., überarbeitete und stark erweiterte Auflage. Dietz, Berlin 2008, ISBN 978-3-320-02130-6.
Спасылкі