Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Пасля заканчэння сямігодкі (1924) вучыўся на падрыхтоўчых курсах у ВНУ. У 1926 г. як актыўны селькор газеты «Беларуская вёска» запрошаны на штатную працу ў гэту газету. Быў адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1935—1939). Падчас Вялікай Айчыннай вайны — кіраўнік мар’інагорскай падпольнай групы і сувязны асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі ў 1943 г. быў арыштаваны і адпраўлены на катаржныя работы ў Германію. Пасля вызвалення працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Звязда» (1945—1948). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1936).
Дэбютаваў апавяданнем у 1927 г. (часопіс «Паляўнічы Беларусі»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Зруйнаваныя межы» (1930), «Людзі вясны» (1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), «Снайпер» (1937), «Чырвоныя струны» (1988), аповесцей «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933), «Магістральны канал» (1947), «З табою побач» (1960), раманаў «Цёплае дыханне» (1948), «Святло над Ліпскам» (1950, у 1988 г. абодва раманы выйшлі ў адной кнізе). Асобным выданнем выйшлі нарысы «Аляксандра Шаплыка» (1949), «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963) і шэраг апавяданняў. Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964) і дакументальную аповесць «Па воўчых сцежках» (1958), зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Пад дзвюма дойнымі каровамі» (1963), «Двайное дно» (1964), кніжку літаратурных пародый «Наравісты Пегас» (1968), «Аповесці. Апавяданні» (выбранае, 1970). У 1961 г. выйшаў Збор твораў у 2 тамах, у 1986 г. — Выбраныя творы.
Аўтар п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938) і «Шалёная рысь» (1939).