Магілёўская аперацыя (23—28 чэрвеня 1944) — стратэгічная ваенная аперацыя РСЧА супраць германскіх войск падчас Другой сусветнай вайны, праведзеная ва ўсходняй Беларусі. З’яўляецца складовай часткай Беларускай аперацыі.
Планы бакоў
СССР
Наступленне 2-га Беларускага фронту на Магілёўска-Мінскім напрамку насіла дапаможны характар у рамках Беларускай аперацыі[2]. 49-я армія павінна была на ўчастку ў 12 км, фарсіраваўшы раку Проня, прарваць абарону супрацьстаялай ёй 4-й нямецкай арміі з мэтай рассекчы яе. Канчатковай мэтай аперацыі быў захоп гарадоў Магілёў, Шклоў, Быхаў з фарсіраваннем Дняпра ў раёне Шклоў—Магілёў і захопам шырокага плацдарма на заходнім беразе ракі для працягу прасоўвання на Мінск.
Германія
Нямецкімі войскамі былі абсталяваны тры паласы абароны: перадавая — па рацэ Проня, другая паласа — па Дняпры, трэцяя — уздоўж Бярэзіны[3]. 4-я нямецкая армія ўпартай абаронай павінна была не дапусціць прарыву савецкіх войск. Горад Магілёў у выпадку адступлення павінен быў быць ператвораны ў «крэпасць» і абараняцца да «апошняга салдата».
Расстаноўка сіл
СССР
Каардынаваў дзеянні 2-га Беларускага фронту прадстаўнік Стаўкі ВГ маршал Г. К. Жукаў.
У складзе 2-га Беларускага фронту на пачатак аперацыі было 22 стралковыя дывізіі, 1 умацаваны раён, 4 асобныя танкавыя брыгады, 1 танкавы і 10 самаходна-артылерыйскіх палкоў. Усяго — 319 500 чалавек. 4-я паветраная армія мела 528 спраўных самалётаў.
Германія
Ход баявых дзеянняў
Наступленню Чырвонай арміі папярэднічаў авіяцыйны ўдар сіл 4-й паветранай арміі па нямецкіх самалётах на аэрадромах, праведзены за 6—10 сутак да пачатку аперацыі.
У ноч на 23 чэрвеня савецкія самалёты нанеслі ўдары па вузлах абароны і артылерыйскіх пазіцыях праціўніка.
У 9:00 пачалася двухгадзінная артылерыйская падрыхтоўка на ўчастку 49-й савецкай арміі. Гэтая армія перайшла ў наступленне ў 11:00 (асобныя стралковыя роты фарсіравалі раку Проня ў ходзе артпадрыхтоўкі). Яе войскі прасунуліся на 5—8 км. Войскі 33-й і 50-й савецкіх армій істотнага прасоўвання наперад у гэты дзень не мелі.
24-га чысла, з 7:30, актыўныя дзеянні ажыццяўлялі 49-я армія і правы фланг 50-й арміі. У выніку да зыходу дня савецкія войскі прасунуліся наперад на 8—16 км. На іншых участках фронту чырвонаармейцы значных поспехаў не дасягнулі[5].
25 чэрвеня левафлангавыя чаці 33-й і 49-й савецкіх армій, правае крыло і цэнтр 50-й арміі працягвалі наступленне ў напрамку горада Магілёў. У гэты дзень прасоўванне савецкіх войск склала 4—5 км. Яны авалодалі горадам Чавусы. Тым часам 4-я армія Германіі ўзмацніла супраціў і спрабавала арганізаваць контратакі з мэтай спыніць наступленне чырвонаармейцаў (контрудары немцаў былі паспяхова адбіты).
Кіраўніцтва нямецкіх войск загадала адыйсці да Дняпра, але гэтае рашэнне з’яўлялася запозненым[3].
Да зыходу 26-га чысла 33-я армія прасунулася на 30—35 км, авалодаўшы горадам Горкі. 49-я армія правым флангам і цэнтрам выйшла на ўсходні бераг Дняпра і перарэзала шашу Шклоў — Магілёў.
На наступны дзень 33-я армія фарсіравала Дняпро і авалодала населенымі пунктамі Копысь і Шклоў, прасунуўшыся наперад на 18—26 км. 49-я армія прасуналася за дзень на 6—11 км. У сваю чаргу 50-я армія да 17:00 часцямі 238-й і 139-й стралковых дывізій вяла бой у цэнтры Магілёва, часткай сіл (два стралковых палка), фарсіраваўшы раку Днепр, абыходзіла горад з паўднёвага захаду. 362-я стралковая дывізія адным стралковым палком выйшла да паўднёвых ўскраін Быхава, дзе завязаліся вулічныя баі.
28 чэрвеня Чырвоная армія цалкам авалодала гарадамі Магілёў, Шклоў, Быхаў[6].
Вынікі аперацыі
У ходзе Магілёўскай наступальнай аперацыі за шэсць дзён баёў войскі 2-га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка на ўсю аператыўную глыбіню і, фарсіраваўшы рэкі Проня і Дняпро, істотна прасунуліся на захад і паўднёвы захад, вызваліўшы гарады Магілёў, Шклоў, Быхаў, а таксама значную частку Магілёўскай вобласці Беларускай ССР. У выніку быў зроблены сур’ёзны пралом у абароне паўднёвага флангу групы арміі «Цэнтр» і створана перадумова для акружэння нямецкіх войск у раёне Мінска.
Памяць
У 1964 годзе на арцы Славы ў Магілёве ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, на якіх пералічаны часці і злучэнні Чырвонай Арміі, узнагароджаныя за ўдзел у вайне ордэнам Чырвонага Сцяга, Суворава II ступені, Суворава III ступені, а таксама тыя, якія атрымалі найменне «Магілёўскіх».
Крыніцы
- ↑ Д. Гланц. Belorussia 1944 — The Soviet General Staff Study, стр. 97.
- ↑ Г. К. Жуков. Воспоминания и размышления, том 2, гл. 19.
- ↑ а б К. фон Типпельскирх. История Второй мировой войны, гл. 10. СПб.: Полигон; М.: АСТ, 1999.
- ↑ Б. Мюллер-Гиллебранд. Сухопутная армия 1933—1945 гг., Приложение 35, М.:ЭКСМО,2003
- ↑ Извлечение из оперативной сводки № 177 (1215) Генерального штаба Красной армии на 8.00 25.6.44 г.
- ↑ Извлечение из оперативной сводки № 181 (1219) Генерального штаба Красной армии на 8.00 29.6.44 г.
Літаратура
- История Второй мировой войны 1939—1945, т. 9, М., 1978
- История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945, т. 4, М., 1962
- Освобождение Белоруссии 1944, 2 изд., М., 1974
- Сидоренко А. А. На могилёвском направлении, М., 1959.
- Д. Гланц. Belorussia 1944 — The Soviet General Staff Study (англ.)
Спасылкі