«Лясная быль» (іншыя назвы: «Свінапас», «Грышка-свінапас») — першы беларускі фільм. Героіка-прыгодніцкі фільм. Экранізацыя аповесці беларускага пісьменніка Міхася Чарота «Свінапас» (1923—1924), чорна-белая, нямая стужка з 8 частак (3-я частка не захавалася. На экраны выйшаў 25 снежня1926 года.
Здымачная група
Сцэнарысты Юрый Тарыч, Міхась Чарот; рэжысёр Юрый Тарыч; аператар Д. Шлюглейт; мастак Я. Іваноў-Баркоў; асістэнты рэжысёра І. Пыр’еў, В. Корш, В. Сцяпанаў.
1920 год. Беларусь акупаваная польскімі войскамі. У лясах ўзнікаюць партызанскія атрады. У свой маёнтак вяртаецца пан Драбскі з дачкой Вандай, ахмістрыняй і ксяндзом Жабінскім. Польскі атрад пад камандаваннем палкоўніка Ястржэмскага размяшчаецца ў яго маёнтку. Патрулям загадана хапаць усіх падазроных. Пастух Лявон даручае свайму сыну Грышку праводзіць бальшавіка-падпольшчыка Сцяпана да каваля Андрэя. Панскі аб’ездчык Казюк паведамляе аб гэтым палякам, і Сцяпана хапаюць. Грышка спяшаецца папярэдзіць партызан. Карны атрад акружае лес. На зваротным шляху Грышка трапляе ў аблаву. Ён хаваецца ў сядзібе лесніка, бацькі сваёй сяброўкі Гелькі. Яго знаходзяць і арыштоўваюць ўсіх траіх, а затым і бацьку Грышкі. Андрэя папярэджвае служанка з маёнтка, і ён сыходзіць у лес. Партызаны адбіваюць Сцяпана. Прыгожую Гельку пакідаюць прыслугоўваць ў доме Драбскага. Астатніх вызваляюць. Грышка сыходзіць у лес. Польскаму камандуючаму дакладваюць, што партызанская барацьба узмацняецца. Ён загадвае расстрэльваць злоўленых на месцы. Партызанскі штаб вырашае распаўсюджваць пракламацыі для «моцнай сувязі з сялянствам». На вясковай вечарыне Грышка ліха адплясвае, не забываючы аб заданні. Па даносе Казюка палякі акружаюць вёску і хапаюць усіх, у каго ёсць пракламацыі. Грышка ўцякае. Арыштаваных расстрэльваюць. Гельцы ўдаецца здабыць карту размяшчэння польскіх частак. Андрэй адпраўляе яе да Чырвонай арміі. За нежаданне прыбіраць панскі хлеб арыштоўваюць мужыкоў з кожнай пятай хаты. Партызаны вызваляюць іх і, пераапрануўшыся ў польскую форму, нечакана нападаюць на палякаў. Ястржэмскі ўзяты ў палон. Драбскі, Ванда, ахмістрыня і ксёндз у страху бягуць з маёнтка. Партызаны абараняюць вёску. Але на дапамогу палякам ідзе атрад пяхоты. Грышка пасылае астатніх дазорцаў з данясеннем, а сам кідае гранату. Параненага, конь выносіць яго з бою. Грышка трапляе ў рукі Казюка, які вязе яго ў Мінск, у дэфензіву. Але Грышку ўдаецца развязаць рукі і бегчы. У партызан канчаюцца патроны. З’яўляюцца чырвоныя кавалерысты, а з імі Гелька. Палякі адступаюць па ўсёй Беларусі. У Мінску яны ладзяць пагром. Але 11 ліпеня ў горад ужо ўваходзяць разведчыкі чырвоных. Сярод іх Грышка. У вызваленым Мінску, у губернскім ваенна-рэвалюцыйным камітэце, дзе засядаюць яго кіраўнікі І.Адамовіч, В.Кнорын, А.Чарвякоў, на варце Грышка. Тут і сустракаюцца яны з Гелькай.
Літаратура
Все белорусские фильмы: Том 1. Игровое кино (1926—1970). Минск: Беларуская навука, 1996. ISBN 985-08-0023-2