Кішкі — вялікалітоўскі магнацкі род гербу «Дамброва». Роднасныя польскай і літоўскай галіне Цеханавецкіх. Найбольшай магутнасці дасягнулі ў 16 ст., у сярэдзіне 17 ст. род згас.
Паходзілі з падляшскай шляхты. Пратапласта роду — браты Пашка і Юшка Струмілы, якія трымалі родавы маёнтак Цеханавец на захадзе Падляшша каля мазавецкай мяжы, служылі Вітаўту і Уладзіславу Ягайлу. Большасць нашчадкаў Пашкі карысталася прозвішчам Цеханавецкія. Празванне Кішкамі пайшло толькі ад аднаго з унукаў Пашкі Струмілы — Станіслава Кішкі.[1]
Станіслаў Кішка праз два шлюбы набыў значныя ўладанні ў ВКЛ. Унукі Станіслава Кішкі, таксама праз шлюбы яшчэ больш павялічылі свае ўладанні. На Попіс 1567 года з Кішкавых маёнткаў выстаўлена 807 «коней», болей ставілі толькі Радзівілы. Аднак, пры вялізных багаццях, Кішкі ні разу не былі ні ваяводамі віленскімі, ні канцлерамі. Частка праўнукаў Станіслава Кішка — нашчадкі яго ўнука Станіслава Пятровіча, мела тытул графаў на Іўі і Лоску, баронаў на Цеханаўцы. У сярэдзіне XVII ст. род згас, маёнткі перайшлі праз сваяцтва шэрагу родаў.[1]
Кішкі здаўна католікі, у часы Рэфармацыі, разам з большасцю магнатаў сталі пратэстантамі. Іўе было цэнтрам радыкальнай пратэстанцкай плыні — арыянства. У пачатку XVII ст. Кішкі вярнуліся да каталіцтва.[1]