Кіта́йскае пісьмо́ (кіт.трад.漢字, спр.汉字, піньіньhànzì, пал.ханьцзы; в’етн.: Chữ Hán, цьы-хан) — слоўна-складовае пісьмо для запісу кітайскай мовы і некаторых іншых азіяцкіх моў. Асновай кітайскага пісьма з'яўляюцца асаблівыя знакі — іерогліфы, якія абазначаюць словы ці марфемы.
Кітайскае пісьмо таксама выкарыстоўваецца ў японскай (kanji — кандзі), радзей у карэйскай (hanja — ханча), і ў в'етнамскай (hán tự — хан ты), а таксама ў іншых мовах. Кітайскія іерогліфы таксама вядомы як сінаграфы, а кітайская пісьменнасць — як сінаграфія. У кантэксце інтэрнацыяналізацыі, пісьменнасці, заснаваныя на кітайскай, называюць CJK (англ.: Chinese, Japanese, Korean) або CJKV (з дабаўленнем англ.: Vietnamese).
Кітайскую пісьменнасць звычайна называюць іерагліфічнай або ідэаграфічнай. Яна карэнным чынам адрозніваецца ад алфавітнай тым, што большасць яе знакаў акрамя гукавога (фанетычнага) значэння дагэтуль захоўвае яшчэ і некаторую (часам вельмі аддаленую) сувязь з сэнсавым значэннем. Кітайскае пісьмо, як і ўвогуле большасць іерагліфічных пісьменнасцей, адметнае велізарнай колькасцю знакаў. У слоўніку Кансі налічваецца каля 47035 кітайскіх іерогліфаў, хоць большасць з іх рэдка ўжываецца і ў звычайных сучасных тэкстах амаль не сустракаецца. Такія рэдкаўжывальныя знакі назапашваліся на працягу гісторыі і ў свой час абазначалі рэчы і паняцці, якія пасля выйшлі з ужытку. Лічыцца, што для таго, каб разумець сучасныя кітайскія тэксты, дастаткова ведаць 3000—4000 найбольш ужывальных іерогліфаў[1].
Спіс ключоў Кансі — сістэма сімвалаў (ключоў) кітайскага пісьма, прынятая ў Японіі, Карэі, Тайвані, складаецца з 214 знакаў, якія расстаўлены ў парадку павелічэння колькасці рыс паводле слоўніка Цзыхуэй 1615 года. У Кітаі сістэмай карысталіся да рэформы 1949 года, а пасля быў уведзены спіс з меншай колькасцю рыс (170—180).
Гісторыя
Перадгісторыя
Узрост кітайскай пісьменнасці пастаянна ўдакладняецца. У 1962 годзе пры раскопках неалітычнага паселішча Цзяху на рацэ Хуанхэ былі выяўлены надпісы на панцырах чарапах, якія нагадваюць па напісанні найстаражытнейшыя кітайскія іерогліфы. Піктаграмы адносяць да 4 тысячагоддзя да н.э., гэта значыць, што яны старажытнейшыя за шумерскую пісьменнасць[2]. Ранейшы вядомы даследчык кітайскай пісьменнасці Тан Лань выказваў здагадку, што кітайская іерогліфіка ўзнікла дзесьці 4—5 тысячагоддзяў назад[3].
Гістарычныя звесткі
Найбольш старажытныя знакі Кітайскага пісьма — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе пісьма «чжоувэнь». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з'явіліся стылі «вялікіх» («дачжуань») і «малых» («сяочжуань») пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»), У І ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс».
З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньціцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з японскім складовым пісьмом), Паўднёвай Карэі (з карэйскай азбукай) і на Тайвані.
Сярод найстаражытнейшых кітайскіх літаратурных помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).
Завьялова О.И.Иероглифическая письменность // Духовная культура Китая: энциклопедия: в 5 т.. — М.: Изд. фирма «Восточная литература» РАН, 2008. — Т. 3. Литература. Язык и письменность. — С. 656—664.
Солнцев В. М.Китайское письмо // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990.
Boltz, William G. (1994). The origin and early development of the Chinese writing system. New Haven: American Oriental Society. ISBN978-0-940490-78-9.