Сістэма армянскага пісьма была створаная каля 406 года епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне яе было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301 годзе) і неабходнасцю мець богаслужэбную літаратуру на армянскай мове.
Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у XII ст. дапоўнены 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай армянскай мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне (гл. Армянская сістэма злічэння).
У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэчаска-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.