Ко́брынскае кня́ства — удзельнае княства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, у басейне рэчак Мухавец і Кобрынка. Існавала ў 1404[1]—1519 гадах. Сталіца — Кобрын. Уладанне князёў Кобрынскіх з роду Гедзімінавічаў.
Узнікненне
Валынскае княства
З часу першае згадкі Кобрынская зямля знаходзілася ва ўладанні валынскіх князёў. Упершыню горада Кобрын згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 годам, калі валынскі князь Уладзімір Васількавіч пакінуў яго ў спадчыну сваёй жонцы Вользе Раманаўне[2]:
|
Въ имѧ Ѡ(т)ца и С(ы)на и С(вя)т(а)го Д(у)ха м(о)л(и)твами С(вя)тыа Б(городи)ца и Прис(но)д(е)в(и)ца М(а)рья и с(вя)т(ы)хъ Агг(е)лъ. Се язъ, кнѧзь Володимѣръ, с(ы)нъ Василковь, вноукь Романовъ, пишоу грамотоу. Далъ есмь кнѧгинѣ своеи по своемь животѣ городъ свои Кобрын и с людми, и з данью: како при мнѣ даяли, тако и по мнѣ - ать дають кнѧгинѣ - моеи. Иже далъ есмь еи село свое Городелъ и с мытом. А людье како то на мѧ страдалѣ, тако и на кнѧгиню мою по моемь животѣ. Аже боудеть кнѧзю городъ роубити... Духоўная грамата Уладзіміра Васількавіча яго княгіні на Кобрын і некалькі сёлаў (1288)[3]
|
|
Барацьба за Валынь
У пачатку XIV стагоддзя Галіцка-Валынскае княства прыйшло ў заняпад. Па смерці манарха Юрыя-Баляслава Трайдзенавіча на княства пачаў прэтэндаваць Любарт Гедзімінавіч, бо яго жонка была стрыечнай сястрой памерлага.
Канкурэнцыю Любарту склаў польскі кароль Казімір III, які ў 1349 захапіў Львоў, Галіч, Уладзімір-Валынскі, Брэст і пацясніў Любарта з Валыні. У выніку дзвюх польска-літоўскіх войн у 1366 годзе Казімір мусіў быў адмовіцца ад большай часткі сваіх набыткаў, а пра Кобрын напісаў, што той з ваколіцамі належыць вялікаму князю літоўскаму Альгерду. Ад Альгерда горада перайшло да яго сына Фёдара.
Фёдар Ратненскі
Па смерці бацькі ў 1377 Фёдар, не жадаючы прызнаць сюзерэнам свайго браценіка Ягайлу, дабраахвотна прыняў ленную прысягу Людвіку I Вялікаму — каралю Венгрыі і Польшчы. Гэты факт паказвае на тое, што Фёдар Альгердавіч (празваны Ратненскім) валодаў сваім удзелам (гарадамі Ратна, Любамль, Кашэрск і прылеглымі тэрыторыямі) незалежна ад валынскага князя Фёдара Любартавіча. 23 кастрычніка 1386 Фёдар Альгердавіч усё ж прынёс прысягу Ягайлу[4]. Меў трох сыноў: Рамана, Юрыя (Гурку) Краснічанскага і Сангушку[5] — якія і падзялілі бацькоўскі ўдзел. Князем кобрынскім стаў Раман Фёдаравіч.
Кобрынскае княства
Раман Фёдаравіч
Раман Фёдаравіч (каля 1394 — пасля 1416)[6] упершыню згадваецца пад 1387 годам як князь Кобрына. Гэты рок прынята лічыць пачаткам узнікнення дынастыі кобрынскіх князёў[7]. У 1404 вялікі князь Вітаўт пацвердзіў правы Рамана на Кобрын, а таксама Грушава, Прохаў, Несухож і Міланавічы[8]. Цягам XV стагоддзя княства існавала ў ВКЛ як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая акруга; падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці[9].
У 1411—1416 гадах Раман знаходзіўся пры двары караля, пасля 1416 яго імя ў крыніцах не згадваецца[6].
Сямён Раманавіч
Па смерці Рамана князем Кобрынскім стаў яго сын Сямён Раманавіч (каля 1400 — каля 1460[8]. Падчас грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1431—1435 гадоў Раман адным з першых выступіў на баку Свідрыгайлы, аднак у бітве з каралеўскім ваяводам Грыцько Кірдыевічам быў разбіты[8]. За падтрымку Свідрыгайлы быў пазбаўлены Ратны[6]. Раман быў у шлюбе з Ульянай (пам. каля 1494[6]) — дачкой Сямёна Іванавіча Гальшанскага па мянушцы Люты[6].
Іван Сямёнавіч
Апошнім мужчынскім прадстаўніком княжацкай дынастыі быў Сямёнаў сын Іван (каля 1430 — пасля 1491[6]). Іван Сямёнавіч разам са сваёй жонкай Фядорай (дачкою Івана Рагацінскага) шмат ахвяравалі на будаўніцтва і забеспячэнне цэркваў і кляштараў. На іх грошы былі ўзведзены царква ў Дабучыне[8], а таксама Спаскі манастыр у Кобрыне, у якім яны і былі пахаваны[7]. Іван Сямёнавіч не пакінуў па сабе нашчадкаў.
Фядора Іванаўна
Па смерці Івана Сямёнавіча вялікі князь Аляксандр пацвердзіў права Фядоры на валоданне трацінай княства. У 1492 годзе яна выйшла замуж за Юрыя Пацэвіча (пам. 1506)[6]. Па яго смерці Фядоры давялося судзіцца за права валодання княствам. У 1508 годзе[6] Фядора перахрысцілася ў каталіцтва пад імем Соф'я і выйшла замуж за віленскага ваяводу і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла (1440?—1512[6]). Фядора памерла ў 1512 годзе.
Ганна Сямёнаўна
Апошняй кіраўніцай княства была дачка Сямёна Раманавіча Ганна. У 1481 на яе вяселлі з князем Фёдарам Іванавічам Бельскім была здзейснена спроба замаху на вялікага князя Казіміра. Пасля няўдалага замаху Бельскі мусіў быў уцячы ў Маскву[6]. Ганна не здолела атрымаць дазвол выехаць да мужа і пасля 1495 года[6] была выдадзена замуж за маршалка Вацлава Станкавіча Касцевіча. Па смерці Ганны ў 1518 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары надаў В. Касцевічу пажыццёвае права валодання землямі жонкі на правах арэнды[8]. Кобрын з прылеглымі землямі зрабіўся староствам[10], адміністрацыйна падпарадкаваным вялікаму князю, ад імя якога праводзілася кіраванне[7].
Па смерці В. Касцевіча ў 1532 староства ў якасці павета ўвайшло ў склад Падляскага ваяводства, уладанне каралевы Боны. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) Кобрынскі і Камянецкі паветы ўключаныя ў склад Берасцейскага павета.
Гл. таксама
Крыніцы
Літаратура