Захад-2009 — сумесныя расійска-беларускія аператыўна-стратэгічныя ваенныя вучэнні, якія праводзіліся ў 2009 годзе. Задача — падрыхтоўка Узброеных Сіл Расіі і Беларусі да забеспячэння стратэгічнай стабільнасці ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. У вучэннях былі задзейнічаны каля 12 500 вайскоўцаў.
Правядзенне
Вучэнні складаліся з двух этапаў:
Падрыхтоўка абарончай аперацыі.
Ацэнка эфектыўнасці функцыянавання Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па адбіцці ўдараў з паветра і кіраванні групоўкамі войск пры вядзенні баявых дзеянняў за ўтрыманне абарончых рубяжоў.
Асноўнае месца правядзення — Абуз-Лясноўскі палігон. У ходзе вучэнняў былі задзейнічаны палігоны 174-ы «Даманава», 210-ы авіяцыйны палігон ВПС і войск СПА «Ружаны» і авіяцыйны палігон 206-й штурмавой авіяцыйнай базы «Нёман». Удзельнічала звыш 220 танкаў, каля 470 баявых браніраваных машын, 230 самаходных і буксіруемых артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню, 60 самалётаў і 40 верталётаў.
На флоцкім палігоне «Хмялёўка» праводзілася аперацыя па высадцы марскога дэсанту, размешчаным на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. У высадцы ўдзельнічалі караблі трох флатоў: Балтыйскага, Паўночнага і Чарнаморскага. Было задзейнічана каля 2 тысяч чалавек, больш за 30 баявых караблёў, каля 20 судоў забеспячэння, да 30 самалётаў і верталётаў, каля 30 танкаў, 100 адзінак браніраваных машын, 40 установак залпавага агню і мінамётаў. Акрамя таго, былі задзейнічаны парашутна-дэсантны батальён 106-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі, марская і ваенна-транспартная авіяцыя[1].
Паветраны інцыдэнт
Падчас вучэнняў адбыўся міжнародны інцыдэнт. Расійскі самалёт А-50 наблізіўся да мяжы Эстоніі і быў перахоплены знішчальнікамі ВПС Германіі, якія патрулявалі паветраную прастору краін Балтыі. Затым да інцыдэнту падключыліся расійскія і фінскія знішчальнікі. Праз некаторы час самалёты трох краін разышліся[2].