У першай палове XIX стагоддзя на тэрыторыі гэтага вялікага зямельнага пляца, які меў складаную канфігурацыю і выходзіў як на вуліцу Койданаўскую, так і на вуліцу Феліцыянаўскую (пасля 1866 года Багадзельную), сфарміраваўся комплекс мураваных і драўляных будынкаў[1].
Двухпавярховы мураваны будынак у стылі класіцызму, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падмуркі і перакрытыя скляпенняміпадвальныя памяшканні мураванага будынка XVIII стагоддзя. У сярэдзіне XIX стагоддзя гэты дом на Койданаўскай вуліцы належаў мінскім мяшчанам Левіным[1].
Менавіта ў доме Левіна ў 1850-я гады пасяліўся класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На гэты адрас у 1852 годзе, перад прэм’ерай першай беларускай нацыянальнай оперы «Ідылія», ён прасіў пераслаць з Вільні значную колькасць накладу свайго лібрэта[1].
Будынак пацярпеў у час вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены і цалкам захаваў свой першапачатковы архітэктурны выгляд. Гэта быў П-падобны ў плане двухпавярховы дом, накрыты складаным па канфігурацыі дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай лучковых аконных праёмаў. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай размяшчаўся балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Вокны другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Абапал балконных дзвярэй былі змешчаны калонкі з капітэлямі[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзіліся мануфактурныя крамы, а ў двары некалькі майстэрняў, у тым ліку медналіцейная, шавецкая і кравецкая майстэрні[1].
Шчыльна прымыкае да дома № 12. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прамавугольны арачны праезд, над якім навісае балкон, што аб’ядноўвае 2 дзвярныя праёмы, абрамленыя паўкалонкамі. Плоскасць сцяны расчлянёна простым карнізам, лучковымі аконнымі праёмамі. Пад дахам праходзіць развіты карніз[2].