Выхаванец мінскага «Дынама», першым трэнерам быў бацька, былы ігрок зборнай Беларусі Сяргей Іванавіч Ясковіч. З 2011 года пачаў выступаць за дубль дынамаўцаў. У 2013—2014 гадах гуляў у барысаўскім БАТЭ, пасля вярнуўся ў «Дынама». Сезоны 2015 і 2016 правёў у арэндзе ў Першай лізе, адпаведна ў «Бярозе-2010» і «Зорцы-БДУ», дзе быў іграком асновы.
У лютым 2017 года пасля прагляду падпісаў кантракт з мазырскай «Славіяй»[2]. У клубе выступаў за дубль, зрэдку з’яўляўся на лаўцы запасных асноўнай каманды, але на поле так і не выйшаў. У ліпені 2017 года па пагадненні бакоў пакінуў «Славію»[3] і неўзабаве зноў далучыўся да «Зоркі-БДУ», якая на гэты час змяніла назву на «Энергетык-БДУ». У сезоне 2018 дапамог клубу выйсці ў Вышэйшую лігу. У першай палове сезона 2019 быў асноўным абаронцам каманды ў Вышэйшай лізе. У ліпені 2019 года пакінуў «Энергетык-БДУ»[4].
У жніўні 2019 года падпісаў кантракт на 2,5 гады з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ»[5]. Спачатку гуляў у стартавым складзе, але неўзабаве стаў пераважна заставацца на лаўцы запасных, прыцягваўся таксама да дубля. У студзені 2020 года па пагадненні бакоў пакінуў жодзінскі клуб[6] і неўзабаве далучыўся да «Гарадзеі», з якой хутка падпісаў кантракт[7]. У сезоне 2020 гуляў пераважна ў стартавым складзе гарадзейскай каманды.
У пачатку 2021 года некаторы час трэніраваўся з брэсцкім «Дынама», а пазней далучыўся да «Крумкачоў», з якімі ў сакавіку падпісаў кантракт[8]. Быў іграком асновы сталічнай каманды. У студзені 2022 года пачаў трэніравацца з «Мінскам» і неўзабаве афіцыйна стаў іграком гэтага клуба[9], дзе таксама замацаваўся ў стартавым складзе. У снежні 2022 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Мінск»[10].
У сакавіку 2023 года папоўніў склад «Акжайыка» з другога дывізіёна Казахстана[11]. У сакавіку 2024 года перайшоў у кыргызскі клуб «Мурас Юнайтэд»[12].