У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Канчалоўскі.
Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі (1878—1952) — гісторык і прававед, калабарацыяніст. Сын выдаўца і перакладчыка П. П. Канчалоўскага.
Біяграфія
Нарадзіўся 28 сакавіка (9 красавіка) 1878 года.
У 1902 годзе скончыў з дыпломам 1-й ступені гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, пасля чаго два гады вучыўся ў Берлінскім універсітэце[3]. Атрымаўшы адукацыю стаў выкладаць старажытную гісторыю па спецыяльнасці «Гісторыя Рыма» у Маскоўскім універсітэце.
Быў добраахвотнікам у складзе расійскай арміі ў Першай сусветнай вайне. Прыняў удзел у баях ва Усходняй Прусіі і Галічыны.
З 1918 па 1921 гады быў прафесарам кафедры ўсеагульнай гісторыі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. У 1921/1922 навучальным годзе — прафесар гістарычнага/грамадска-педагагічнага аддзялення факультэта грамадскіх навук. У 1921 годзе быў звольнены з універсітэта. 31 кастрычніка 1921 года стаў першым лектарам у Беларускім дзяржаўным універсітэце[4].
У 1924—1925 гадах працаваў тэхнічным рэдактарам у Дзяржвыдаце. У наступныя гады ён займаўся выданнем навуковых дапаможнікаў і выкладаннем моў (нямецкай і латыні) у розных ВНУ Расіі, працаваў у Расійскай асацыяцыі навукова-даследчых інстытутаў грамадскіх навук (да 1929 года). З 1934 па 1935 гады — прафесар старажытнай гісторыі ў інстытуце філасофіі, літаратуры і гісторыі (МІФЛГ). З 1939 па 1941 гады загадчык кафедры лацінскай мовы.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Канчалоўскі разам з жонкай і трыма дачкамі паехаў на сваю дачу пад Мажайскам, каб як мага хутчэй перайсці на нямецкі бок. У аўтабіяграфіі, напісанай пазней для Аперштаба Розенберга, ён пазначыў: «Я адчуваў прыязнасць да надыходзячага нямецкага Вермахта, якую летам і восенню 41-га падзяляў з многімі суайчыннікамі. Пасля бальшавіцкіх катаў і прыгнятальнікаў нямецкія салдаты здаваліся мне рыцарамі святла, якія вядуць святы бой з вырадкамі пекла»[3].
У 1941—1944 гадах пад псеўданімам Сашальскі працаваў у Смаленску ў аддзеленні прапаганды мясцовай рускай грамадзянскай адміністрацыі. Акрамя гэтага, ён быў выкладчыкам на курсах настаўнікаў і дамогся стварэння рускай настаўніцкай семінарыі. Вясной 1944 года Канчалоўскі ўзначаліў смаленскі аддзел Нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Расіі Браніслава Камінскага[5].
Стрыечны ўнук Дзмітрыя Пятровіча, Андрэй Канчалоўскі паказваў, што:
"Баючыся ГУЛАГа, перад вайной паехаў у Беларусь, бліжэй да польскай мяжы, і там чакаў немцаў, бо верыў, што тыя прынясуць пазбаўленне ад ненавісных яму бальшавікоў. Аднак хутка Дзмітрый Пятровіч пераканаўся, што Гітлер хоча ператварыць Расію ў германскую калонію. Канфлікт з акупацыйнымі ўладамі скончыўся тым, што яго адправілі ў лагер для перамешчаных асоб… "
Насуперак сумніўным мемуарам, немцы не саджалі Канчалоўскага ў лагер — ён актыўна супрацоўнічаў з імі аж да 1945 года, пражываючы ў Гамбургу і Берліне. Пасля заканчэння вайны Канчалоўскі апынуўся ў амерыканскім лагеры для перамешчаных асоб у раёне Гановера, адкуль здолеў выбрацца ў Францыю, дзе жыла яго сястра. З 1947 года Канчалоўскі жыў у Парыжы. Пахаваны на могілках Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа.
Сям’я
Жонка: Зінаіда Іванаўна — дачка І. Р. Ілавайскага.
Дзеці:
- Наталля;
- Іван (1905—1944);
- Алена (1906—?)[6].
Бібліяграфія
- «Асоба і грамадства» (1917);
- «Анібал» (1923);
- «Эканамічная гісторыя Рыма ў яе крыніцах» (1925);
- Пасмяротна ў Парыжы былі выдадзеныя кнігі «Шляхі Расеі» (1969), «Ад гуманізму да Хрыста» (1971);
- «Шляхі Расіі. Разважанні пра рускі народ, бальшавізм і сучасную цывілізацыю». — М.: Другая літаратура, 2018. — 314 с.
Зноскі
Спасылкі
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|