Дарослую кар’еру пачаў у складзе наваполацкага «Нафтана», дзе выступаў за дубль. Перад сезонам 2016 стаў трэніравацца разам з асноўнай камандай навапалачан. У Вышэйшай лізе дэбютаваў 10 красавіка 2016 года, выйшаўшы на замену другім тайме матча супраць мазырскай «Славіі» (0:1). Неўзабаве замацаваўся ў якасці асноўнага цэнтральнага абаронцы «Нафтана».
Па заканчэнні сезона цікавасць да абаронцы сталі праяўляць клубы расійскай ФНЛ, аднак у снежні 2016 года Барысаў падпісаў трохгадовы кантракт з брэсцкім «Дынама»[3]. Не здолеў замацавацца ў аснове «Дынама», выступаў пераважна за дубль, а ў чэрвені 2017 года атрымаў траўму і выбыў да канца сезона. У сезоне 2018 зноў пераважна выступаў за дубль, толькі ў двух апошніх матчах сезона згуляў па 90 хвілін у асноўнай камандзе.
У студзені 2019 года пасля прагляду стаў іграком гродзенскага «Нёмана»[4]. Згуляў за асноўную каманду гродзенцаў у першых двух матчах сезона, пасля чаго стаў выступаць толькі за дубль. У ліпені 2019 года па пагадненні бакоў пакінуў гродзенскі клуб[5] і неўзабаве вярнуўся ў «Нафтан»[6]. Замацаваўся ў аснове наваполацкай каманды, гуляў пераважна ў стартавым складзе.
У сакавіку 2022 года перайшоў у «Смаргонь»[7], дзе замацаваўся ў аснове і дапамог камандзе вярнуцца ў Вышэйшую лігу. У лютым 2023 года пакінуў смаргонскі клуб[8].
У маі 2016 года быў упершыню выкліканы ў моладзевую зборную Беларусі[9], дзе дэбютаваў 1 чэрвеня ў таварыскім матчы супраць Македоніі (1:1). Усяго за моладзевую зборную правёў 5 матчаў — ва ўсіх матчах праводзіў на полі 90 хвілін на пазіцыі цэнтральнага абаронцы.