Футбольны клуб у Мёрах быў заснаваны ў 1965 годзе, большую частку гісторыі выступаў у чэмпіянаце Віцебскай вобласці.
У 2011 годзе пры падтрымцы прадпрымальніка Андрэя Чарняўскага клуб выйграў чэмпіянат Віцебскай вобласці, а на наступны год каманда «Мёры» заявілася ў Другую лігу, у другой палове сезона за яе ў якасці аматара гуляў вядомы беларускі нападнік Валерый Стрыпейкіс. Па заканчэнні сезона, з-за адсутнасці падтрымкі мясцовых улад, клуб спыніў сваё існаванне[1]. На наступны год у чэмпіянат Віцебскай вобласці была заяўлена каманда «Прыазёр’е», якая стала пераемніцай былых «Мёраў», захавала ігракоў і трэнерскі штаб. Гэты клуб стаў выступаць у Верхнядзвінску, у 2014—2015 гадах гуляў у Другой лізе.
У 2015 годзе была адроджана каманда ў Мёрах і зноў стала гуляць у чэмпіянаце Віцебскай вобласці, дзе звычайна была серадняком. У 2021 годзе ў выніку аб’яднання Другой лігі з чэмпіянатамі абласцей «Мёры» далучыліся да Другой лігі. Таксама клуб стаў фіналістам Кубка рэгіёнаў 2024, саступіўшы ў фінальным матчы пінскаму «Стэнлесу».