Джакама Чэруці (іт. Giacomo Ceruti, 1698—1767) — італьянскі мастак. Вядомы таксама як Якабус Чэруці Брэшскі — гэтым імем ён падпісваў некаторыя свае працы. Меў мянушку Пітакета — «маленькі жабрак», бо ў сваёй творчасці часта звяртаўся да рэальных сюжэтаў, пісаў людзей з народа.
Біяграфія
Доўгі час у даследчыкаў было вельмі мала інфармацыі пра жыццё мастака. Толькі ў XX стагоддзі дзякуючы адкрыццям італьянскіх даследчыкаў Р. Лонгі і Дж. Дэ Логу былі атрыманы дадзеныя пра біяграфію Чэруці. Выяўленыя Дэ Логу і апублікаваныя ім у 1931 годзе 46 карцін мастака з замка графаў Сальвадэга ў Падэрнэла (цяпер большасць з гэтых работ знаходзіцца ў пінакатэцы Брэшыі) дазволілі звязаць імя гэтага майстра з групай мастакоў першай паловы XVIII стагоддзя, якія працавалі ў розных галінах Італіі і працягвалі традыцыі Караваджа. Лонгі назваў іх «жывапісцамі рэальнасці» (pittori della realtà).
Сёння лічыцца, што мастак нарадзіўся ў 1698 годзе ў Мілане, а не ў Брэшыі, як думалі раней на падставе яго подпісу «Якабус Чэруці Брэшскі» (Jacobus Ceruti Brixsebsis). Пра яго адукацыю няма надзейных звестак, але даследчыкі мяркуюць, што ён быў звязаны з Фра Галгарыа і бергамскім мастаком Антоніа Чыфрондзі.
Раннія гады жыцця мастак правёў у Мілане, затым працаваў у Брэшыі (1728), Венецыі (1736), Падуі (1737—1741), П’ячэнцы (1743).
Памёр мастак, верагодна, у 1767 годзе ў Мілане.
Зноскі