Сын Рамана Мсціслававіча. Пасля доўгай і напружанай барацьбы аднавіў і адбудаваў Галіцка-Валынскую дзяржаву, створаную яго бацькам. З пераменным поспехам адбіваў мангольскую экспансію, адначасова нейтралізуючы ваенныя спробы заходніх суседзяў умешвацца ва ўнутраныя справы яго дзяржавы.
Спрыяў развіццю гарадоў, прыцягваючы туды рамеснікаў і купцоў. Пры ім былі пабудаваны Холм, Львоў, Крамянец, Данілаў, Стажок, быў абноўлены Драгічын. Перанёс сталіцу Галіцка-Валынскага княства з Галіча ў Холм.
Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літоўскіх феадалаў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Канфліктаваў з літоўскімі князямі Міндоўгам і Войшалкам. Сын Данілы Раманавіча Шварн быў жанаты з дачкой Міндоўга, а другі сын — Раман — атрымаў ад Міндоўга Новагародскае, Ваўкавыскае і Слонімскае княствы.
Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татараў, у 1254 прыняў ад рымскага папы каралеўскую карону (каранаваўся ў Драгічыне). Выступаў супраць пашырэння каталіцтва. У 1259 быў вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў і ў 1260—1261 гадах па іх загадзе знішчыць некаторыя гарадскія ўмацаванні ў княстве.
Перыяд яго княжання быў часам найбольшага эканамічна-культурнага ўздыму і палітычнага ўзмацнення Галіцка-Валынскай дзяржавы. Мяжа княства праходзіла па Карпатах, Дняпры і Дунаі, пры ім яно стала адной з найбуйнейшых дзяржаў у Еўропе.
Зноскі
Літаратура
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды, 2-е выд. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 366 с.: іл. ISBN 985-02-0503-2