«Да пакіньце горла драць» — песня беларускага паэта Яна Чачота, напісаная ў 1819 годзе на беларускай мове і прымеркаваная да імянінаў філамата Дыянісія Хлявінскага[1]. З адпаведнымі папраўкамі таксама выконвалася і на імянінах іншых філаматаў, у прыватнасці Францішка Малеўскага.
Першапачатковы тэкст песні да Дыянісія не захаваўся. Да сённяшняга часу дайшоў пазнейшы тэкст, прысвечаны імянінам Францішка Малеўскага, што адзначаліся 1 лістапада 1819 года.
Пра поспех гэтай песні Ян Чачот пазней распавёў у лісце да Адама Міцкевіча 16 лістапада 1819 года:
|
На імяніны Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень, сярод якіх апошняя «Да пакіньце горла драць» найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу, ён прыдумаў да яе, як я ўжо казаў, матыў і лез з ёй да ўсіх, як цыган на кірмашы. А раз спадабалася песня, я мусіў напісаць вершы і для Яроша і той самы верш «Да пакіньце горла драць» перарабіць для яго. І не толькі гэтыя, але і «Што ж мы вашэці скажам», разахвочаныя, спявалі. Словам, на імянінах і чыталі, і спявалі…[2]
|
|
У лісце Тамаша Зана да Верашчакаў ад 31 кастрычніка 1820 года адзначаецца, што едучы ў Вільню, Тамаш Зан заначаваў у заездным доме ў Канвалішках і раптам сярод ночы яго абудзіў гучны і вясёлы спеў: «Да пакіньце горла драць!..» Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў — Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі з Вільні ў Навагрудак і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны гэтакім чынам выказалі сваю радасць ад сустрэчы[3].
Зноскі