Ружанскі палац , галоўная рэзідэнцыя старэйшай галіны Сапегаў, быў зруйнаваны падчас грамадзянскай вайны 1700 года
Грамадзянская вайна ў ВКЛ у 1696—1702 гадах — выступ літоўскіх магнацкіх родаў Вішнявецкіх , Радзівілаў , Пацаў і Агінскіх пры падтрымцы сярэдняе шляхты супраць дамінуючага ў Вялікім Княстве Літоўскім становішча роду Сапегаў .
Пад канец XVII стагоддзя Сапегі акумулявалі ў сваіх руках найістотнейшыя літоўскія кіроўныя пасады: вялікім гетманам быў Казімір Ян Сапега , вялікім маршалкам — Аляксандр Павел Сапега , вялікім падскарбіем — Бенедыкт Павел Сапега . Трымаючы фактычную ўладу на Літве, Сапегі адвольна карысталіся гэтым супраць сваіх канкурэнтаў, распараджаючыся на сваю волю на сойміках і трыбуналах, пераследуючы і знішчаючы непажаданых ім асоб.
Зняможаныя фанаберыстасцю і прыгнётам Сапегаў, шляхта склала канфедэрацыю пад кіраўніцтвам кашталяна віцебскага Коцела , які нават абвясціў паспалітае рушанне супраць Сапегаў. Абодва бакі бязлітасна вынішчалі ўладанні сваіх супернікаў. 18 лістапада 1700 года ў вырашальнай бітве пад Алькенікамі Сапегі атрымалі поўнае паражэнне і былі прысуджаныя да вечнага выгнання з дзяржавы.
Пасля паразы Сапегаў міжусобіцы іншых магнатаў за іхнія пасады і ўладанні працягнуліся. Гэта прывяло да аслаблення ВКЛ у Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў, удзел у якой на баку Швецыі прымалі і Сапегі.