Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут у 1952 годзе. Адразу па заканчэнні быў накіраваны на працу ў Оршу на завод швейных машын, дзе працаваў да 1955 года спачатку майстрам, а затым намеснікам начальніка цэха.
З 1962 года намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 1970 па 1983 гады Віктар Чачын — дырэктар інстытута і адначасова (з 1969 года) загадчык лабараторыі фізіка-хімічнай механікі. Фізіка-тэхнічны інстытут АН БССР пад кіраўніцтвам Віктара Чачына за кароткі тэрмін дамогся карэннай перабудовы ў працы і дасягнуў значных поспехаў па ўкараненню навукова-тэхнічных распрацовак у вытворчасць, якія дазволілі атрымаць вялікі эканамічны эфект.
У 1973 годзе Віктар Чачын паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю. У 1974 годзе за буйны ўклад у развіццё навукі ў рэспубліцы, укараненне навуковых даследаванняў у вытворчасць Віктар Чачын быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1980 годзе В. М. Чачын абіраецца акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1983 годзе яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР».
Асноўны кірунак навуковай дзейнасці Віктара Чачына — апрацоўка машынабудаўнічых матэрыялаў. Даследаванні вучонага ў першую чаргу звязаны з выкарыстаннем канцэнтраваных патокаў энергіі, такіх як электрычны разрад у вадкасці і энергія сціснутага газу. У ходзе сваіх даследаванняў Віктар Чачын распрацаваў методыку разліку універсальных камер[1]; выявіў заканамернасці пластычнага дэфармавання металаў пры нагружэнні; распрацаваў аптымальныя тэхналагічныя рэжымы апрацоўкі матэрыялаў у залежнасці ад умоў эфектыўнага выкарыстання ўдарных хваляў, гідрапатоку і квазістатычнага ціску. Таксама, Віктар Чачын даследаваў працэсы вібрацыйнага шліфавання і метады абразіўнай апрацоўкі ў актыўных асяроддзях. Новыя тэхналагічныя працэсы, даследаваныя і ўкаранёныя ў вытворчасць пры ўдзеле Віктара Чачына, забяспечвалі высокую прадукцыйнасць, зніжэнне працаёмкасці работ, дазвалялі скараціць ручную працу высокакваліфікаваных рабочых.
Віктарам Чачыным апублікавана больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі. Таксама ён з’яўляецца аўтарам 16 вынаходак, некаторыя з іх запатэнтаваныя. Вялікую працу Віктар Чачын праводзіў па падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, пад яго кіраўніцтвам абаронены больш за 10 кандыдацкіх дысертацый.
Віктар Чачын з’яўляўся намеснікам старшыні секцыі па выкарыстанні імпульсных нагрузак у тэхналогіі машынабудавання Дзяржаўнага Камітэта Савета Міністраў СССР па навуцы і тэхніцы, актыўна ўдзельнічаў у працы навуковых саветаў і рэдакцыйных калегій.
Узнагароды і прэміі
У 1980 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за даследаванне электраімпульснай апрацоўкі матэрыялаў, распрацоўку комплексу прагрэсіўных тэхналогій, стварэнне спецыялізаванага абсталявання і ўкараненне на заводах машынабудавання.
↑Універсальныя камеры — гэта вакуумныя камеры, якія прызначаны для апрацоўкі вырабаў любой формы і габарытаў у межах габарытаў камеры, выкарыстоўваюцца як правіла ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытворчасці і выпускаюцца ў адпаведнасці з прынятымі параметрычнымі радамі.
Літаратура
Весці АН БССР. Серыя фізіка-тэхнічных навук. 1979. № 4.
Чачын Віктар Мікалаевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 758. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.