«Вожык» — сатырычна-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Да снежня 2021 года выдаваўся штомесячна ў Мінску на беларускай мове.
Гісторыя выдання
Пачаў выходзіць у ліпені 1941 года як агітплакат, орган ЦК КП(б)Б пад назвай «Раздавім фашысцкую гадзіну» (з сакавіка 1942 года — газета-плакат). Выдаваўся ў Гомелі, потым у Маскве. Маскоўскі часопіс «Кракадзіл» накіраваў вершаванае віншаванне новаму часопісу[1].
Са жніўня 1945 года выдаецца ў Мінску як часопіс сатыры і гумару «Вожык». Да 1958 друкаваўся на 8, затым на 12 старонках, з каляровымі ілюстрацыямі. З кастрычніка 2009 года па кастрычнік 2011 года — як альманах, са студзеня 2012 года — зноў як часопіс сатыры і гумару. Друкаваў фельетоны, памфлеты, байкі, прытчы, вершы, апавяданні, інтэрмедыі, п’есы, сцэнкі, гумарэскі, іранескі, мініяцюры, пародыі, эпіграмы, каламбуры, афарызмы, жарты, усмешкі, анекдоты, пераклады сатырычных і гумарыстычных твораў, а таксама карыкатуры, шаржы, малюнкі, плакаты, крыжаванкі.
Выдаваў сатырычны плакат «На калючкі» (з 1963 года, 2 разы ў год). «Бібліятэка „Вожыка“», літаратурны дадатак да часопіса сатыры і гумару «Вожык», выходзіла ў выдавецтве ЦК КПБ з 1957 г. па 6 кніжак штогод (затым — у РВУ «Літаратура і Мастацтва»).
Восенню 2021 года было абвешчана аб спыненні выхаду часопіса як самастойнага выдання (з 2022 года); на той час тыраж «Вожыка» складаў 472 экз.[2]
Асноўныя рубрыкі
«Бібліятэкары жартуюць»
«Бізнес-класікі»
«Вернісаж»
«Віншуем!»
«Вожыкаўскі плакат»
«Вожык» у асобах»
«Вожыку» пішуць…»
«Вясёлая пошта»
«Вясёлы слоўнік»
«Гумар сяброў»
«Дарогу маладым!»
«Думкі ўголас»
«Іголкатэрапія»
«Імпарт»
«Каб і хацеў — не прыдумаеш…»
«Калючык»
«Карэктарскія агрэхі»
«Кнігарня «Вожыка»
«Мабільны фотапрыкол»
«Навіны з МУС: матай на вус…»
«Пад вуглом 40°»
«Старое на новы лад»
«Студэнцкая гумарына»
«Усмешкі чытачоў»
«Упершыню ў «Вожыку»
«NB» («Звярні ўвагу»)
Бібліятэка «Вожыка»
Літаратурны дадатак да часопіса сатыры і гумару «Вожык». Выходзіла ў выдавецтве ЦК КПБ з 1957 г. па 6 кніжак штогод (затым — у РВУ «Літаратура і Мастацтва»). Змяшчае сатырычныя і гумарыстычныя творы — фельетоны, памфлеты, байкі, прытчы, вершы, апавяданні, інтэрмедыі, п’есы, сцэнкі, гумарэскі, іранескі, мініяцюры, пародыі, эпіграмы, каламбуры, афарызмы, жарты, усмешкі, анекдоты, а таксама карыкатуры, шаржы, малюнкі, плакаты. Пачатак бібліятэцы даў зборнік апавяданняў Якуба Коласа «Дзядзькаў сведка».
Выйшлі калектыўныя зборнікі пісьменнікаў, сатырыкаў і гумарыстаў — «Давайце знаёміцца» (1957), «Працяг знаёмства» (1963), «Сатырычная паверка» (1976), карыкатурыстаў — «Першы блін — не камяком» (1977), «Калючы букет» (1981), «Пад адным дахам» (1982), «Заакіянскія „крыжаносцы“» (1984), а таксама агульныя зборнікі — «Мініяцюры і карыкатуры» (1964), «Крывавы бізнес» (1966), «Сем разоў адмерай…» (1970) і іншыя.
Пабачылі свет кнігі перакладнога гумару (пісьменнікаў рэспублік СССР, жарты народаў сацыялістычных краін і інш.) — «Украінскі гумар» (1957), «У нас у гасцях сябры» (1962), «Усмешкі сяброў» (1964), «„Крокодил“ — наш госць» (1965), «Літоўскі гумар» (1966), «Бочачка вінароба» (1967), «Як быў створаны кенгуру» (1968), «Мора па калені» (1969), «Кракадзіл-82» (1982), «Тарас на Парнасе» (2003) і іншыя, беларускага народнага гумару — «Мужык і баба» (1957), «Народныя ўсмешкі» (1961), «Смейцеся на здароўе!» (1987), «На вясёлай хвалі» (1988). Выйшаў зборнік сатыры і гумару Заходняй Беларусі (1920—1939) — «Гэй, смалі, страляй, маланка!» (1989).