Бібліятэка Корвіна (лац.: Bibliotheca Corviniana) — збор кніг венгерскага караля Мацьяша I. Герб заснавальніка меў выяву крумкача (лац.: corvus), адсюль і яе назва «Карвініяна». Заснавана, верагодна, у 1470-я гады. З'яўлялася другой па велічыні бібліятэкай эпохі Адраджэння, саступаючы на той момант толькі бібліятэцы Ватыкана[1]. У ёй налічвалася, па прыблізных падліках, каля 2500 тамоў[2]. Гэта былі творы як старажытных, так і сярэдневяковых аўтараў, а таксама сучасных на той час, у тым ліку гуманістычных. Пераважалі кнігі свецкага зместу, сярод іх — па гісторыі, геаграфіі, астраноміі, медыцыне, паэзіі і г.д.[3]
Большасць кніг упрыгожвалі італьянскія мастакі-мініяцюрысты. Пасля смерці заснавальніка бібліятэка была занядбана, часткова яе фонды былі распрададзены, а некаторыя кнігі вывезены па-за межы Венгрыі. Далей Карвініяна была захоплена турэцкімі войскамі пры заваяванні імі Буды ў 1526 годзе, і перавезена ў Стамбул. Кнігі выкарыстоўваліся для падарункаў замежным паслам, рэшткі фондаў апынуліся раскіданымі па ўсім свеце[1]. З фонду бібліятэкі захавалася 216 кодэксаў, з якіх 54 захоўваюцца ў розных зборах Венгрыі.
Узнікненне бібліятэкі
Кароль Мацьяш Корвін (1443—1490) набыў цікавасць да кніг пад уплывам свайго настаўніка — вядомага бібліяфіла Янаша Вітэза, архібіскупа эстэргамскага[4]. Дакладны час і прычыны заснавання бібліятэкі невядомыя. Меркавана, пачатак ёй паклаў другі шлюб караля Мацьяша з дачкой караля НеапаляФердынанда АрагонскагаБеатрыс — новая каралева прывіла пры венгерскім двары моду на італьянскую раннерэнесансавую культуру, што ўзмацніла праіталійскія і гуманістычныя сімпатыі Мацьяша.
Паводле адной з версій, асобныя кнігі ў каралеўскі збор маглі патрапіць пры канфіскацыі маёмасці апазіцыянераў Януша Вітэза і Януса Паноніуса, частка кніг, верагодна, уваходзіла ў пасаг Беатрысы Арагонскай. Аднак найважнейшай прычынай пры заснаванні бібліятэкі былі цесныя сувязі венгерскага каралеўскага двара з Італіяй — найбуйнейшым гандлёвым і культурным цэнтрам Еўропы, а таксама асабістыя сувязі Мацьяша з італьянскімі гуманістамі[2].
Кароль не шкадаваў грошай на куплю і перапіску кніг. Часцей за ўсё яны заказваліся ў Фларэнцыі праз тамтэйшых кнігагандляроў і ілюстраваліся вядомымі фларэнційскімі мініяцюрыстамі. Напаўненне бібліятэкі было працяглым і дарагім. З часам для перапіскі, афармлення і пераплёту кніг пры каралеўскім двары ў Будзе быў створаны скрыпторый. Захавальнікамі бібліятэкі былі высокаадукаваныя гуманісты Марцыа Галеота і Тадэа Угалеці, апошні стаў выхавальнікам спадчынніка — каралевіча Янаша[3].
Кароль Мацьяш імкнуўся зрабіць свой двор самым бліскучым і адукаваным у Еўропе на поўнач ад Альпаў. Бібліятэка стала ўпадабаным месцам працы прыдворных і самога караля. Тут ладзіліся навуковыя дыспуты і сімпозіумы[3]. Бібліятэка стала найбуйнейшым у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе інтэлектуальным цэнтрам і па памерах саступала толькі ватыканскай. Паводле розных адзнаках, у бібліятэцы Мацьяша магло захоўвацца да 2500 кодэксаў, што было велізарным зборам на той час.
Амаль дзве траціны ацалелых рукапісаў не былі надрукаваны пры жыцці Мацьяша, сярод іх былі творы антычных і візантыйскіх аўтараў, якія часта былі толькі ў адным асобніку, як, напрыклад, трактат візантыйскага імператара Канстанціна Парфірароднага «Пра цырымоніі» ці «Царкоўная гісторыя» Нікіфара Каліста. Многія з іх былі пазней страчаны, як, напрыклад, поўнае сачыненне вядомага старажытнагрэчаскага аратара Гіперыда (цяпер вядомыя толькі ўрыўкі) і апошняя, восьмая (да нашых дзён захаваліся толькі сем), кніга «Іааніяды, або пра Лівійскую вайну» познеантычнага паэта Крэсконія Карыпа. Дыпламат імператараМаксіміліянаІаган Куспініян пісаў, што запазычаў з бібліятэкі арыгінал «дзіўна старажытнага» грэчаскага рукапісу Пракопа, тэкст якога, як ён заявіў, лепшы і паўнейшы за той, што існуе ў лацінскім перакладзе. Ён вярнуў рукапіс, пазней ён загінуў[2].
Важнай місіяй каралеўскай бібліятэкі было не толькі збіранне, але і пераклад закупленых грэчаскіх кніг на лацінскую мову, а таксама ўдакладненне тэксту пры капіраванні рукапісу, што дазваляла венгерскаму двару прапагандаваць грэчаскую культуру на лацінскім Захадзе[2].
Далейшы лёс бібліятэкі
Заняпад бібліятэкі пачаўся пасля смерці караля ў 1490 годзе, таму што яна падтрымлівалася яго асабістым запалам. Спадчыннікі Мацьяша не цікавіліся кнігамі, многія ілюмінаваныя рукапісы засталіся ў Фларэнцыі ў незавершаным стане, і далей перайшлі ў валоданне іншых уласнікаў. У лісце, адрасаваным гораду Фларэнцыя ў 1498 годзе, Уладзіслаў II пісаў, што «натхнёны тым жа жаданнем паляпшаць бібліятэку», і заяўляў пра свой намер мець на руках завершаныя рукапісы, але гэта былі толькі словы[2]. Пры Уладзіславе ж прыйшла ў заняпад і майстэрня перапісчыкаў. У часы Людовіка II бібліятэка была занядбана яшчэ больш. Паслы і замежныя падарожнікі куплялі рукапісы з яе фондаў, дзякуючы чаму яны захаваліся да нашых дзён. Вядома, што Марыя (удава караля Людовіка) узяла з сабой у Брусель некалькі раскошных тамоў з бібліятэкі Корвіна. Нягледзячы на гэта, асноўная частка збору праіснавала ў палацы аж да 1526 года[2][5].
Бібліятэка загінула пры асманскім заваяванні сталіцы ВенгрыіБуды войскамі султана Сулеймана. Пасля катастрафічнага паражэння венгерскіх войскаў у бітве пры Мохачы, туркі без асаблівага супраціўлення ўвайшлі ў каралеўскую сталіцу. Горад быў падпалены, але Будайскі замак, дзе захоўвалася бібліятэка, Сулейман пашкадаваў, таму што жадаў стварыць у ім сваю рэзідэнцыю. Тым не менш гэта не перашкодзіла турэцкім войскам перавезці ў Стамбул усё яго начынне, уключаючы казну венгерскіх каралёў, бытавую маёмасць, гарматы і снарады, якія захоўваліся там. Сярод трафеяў былі і самыя прыгожыя і багата ўпрыгожаныя рукапісы з бібліятэкі Корвіна[5][6]. Астатнія кнігі (уключаючы ўнікальную калекцыю грэчаскіх рукапісаў) туркі, відаць, проста знішчылі, таму што пазней яны нідзе не з'яўляліся. Праўда, яшчэ ў XVII стагоддзі былі сведчанні, што бібліятэка, ці прынамсі яе частка, працягвала захоўвацца ў замку Буды, але якія кнігі ў ёй заставаліся — невядома[5]. Калі ў 1686 годзе аўстрыйскія войскі вызвалілі Буду, горад моцна пацярпеў ад пажару, сярод ацалелых кніг не было выяўлена рукапісаў са збору Мацьяша Корвіна[2][5]. Верагодна, бібліятэку вывезлі па асабістым указанні Сулеймана I, таму што многія рукапісы былі пазней выяўлены ў султанскім палацы і, як апынулася, на працягу стагоддзяў выкарыстоўваліся ў якасці падарункаў іншаземным паслам. Такім чынам розныя часткі бібліятэкі апынуліся раскіданымі па розных еўрапейскіх зборах.
Csapodi Csaba, Csapodiné Gárdonyi Klára: Bibliotheca Corviniana. Budapest, 1976. — 320 с. Színes illusztrációkkal. ISBN 963-207-291-X
Marcus Tanner: The Raven King. Matthias Corvinus and the Fate of His Lost Library. Yale University Press, 2008—265 с. ISBN 978-0-300-12034-9
История культуры стран Западной Европы в эпоху Возрождения: Учеб. для вузов / Л. М. Брагина, О. И. Вальяш, В. М. Володарский и др.; Под ред. Л. М. Брагиной. — М.: Высш. шк., 2001. — 479 с. ISBN 5-06-003216-7