Белару́скі наро́дны ро́спіс на шкле́, таксама відзік[1], мн. л. відзікі[2] — від народнага дэкаратыўнага роспісу, распаўсюджаны ў Беларусі з канца XIX стагоддзя да 1980-х гадоў[3], карціны напісаныя фарбай на шкле. Народны роспіс на шкле створаны і распаўсюджваўся ў вясковым асяроддзі. Часта адносіцца да наіўнага мастацтва, мае прыкметы кічу, але некаторыя творы напісаныя на больш высокім мастацкім узроўні[4]. Паводле прызначэння карціны падзяляюцца на тры віды: абразы, інтэр’ерныя карціны розных жанраў, карціны-рамкі для фатаграфій[5]. Абразоў сярод твораў народнага роспісу на шкле найменшая колькасць, пераважаюць выявы Божай Маці з сынам. Інтэр’ерныя карціны маюць вялікую разнастайнасць паводле сюжэтаў: выявы кветкавых букетаў, галубоў і іншых птушак над кветкамі, катоў, прыгожых жанчын, закаханых пар, копіі сюжэтаў вядомых карцін (напрыклад, «Асілкі» Віктара Васняцова) і г.д. Карціны-рамкі для фатаграфій маюць пустыя ад фарбы акенцы, у якія з адваротнага боку шкла ўстаўлены фотаздымкі.
Мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская паводле стылістыкі і тэхнікі выканання дзеліць роспіс на дзве групы: набліжаныя да народнай дэкаратыўнай традыцыі і індывідуальныя паводле манеры выканання карціны, і ўніфікаваныя паводле кампазіцыі і абагуленыя паводле малюнку карціны, у сюжэтах і вобразах якіх ёсць кічавая плынь і капіравальны характар выканання[4].
Вядомымі майстрамі беларускага народнага роспісу на шкле ёсць[6][7][4]: Алена Васілеўская (в. Здзітава, Бярозаўскі раён), Алена Макоўчык (в. Совіна, Бярозаўскі раён), В. Жуковіч (в. Спорава, Бярозаўскі раён), Лідзія Доўгер (вядомая найперш расфарбоўваннем куфраў, в. Агова, Іванаўскі раён), Валянціна Вакульчык (в. Касцюкі, Бярозаўскі раён), Васіль Калінін (в. Дубіца, Брэсцкі раён), Іосіф Мысліцкі (в. Сейлавічы, Нясвіжскі раён), Аляксандра Кутняя (в. Дамарацкія, Клецкі раён).
Для назвы народнага роспісу на шкле ў асобных рэгіёнах распаўсюджана слова «відзік». Паходзіць ад польскага слова widok (від, перспектыва, пейзажны малюнак), пры гэтым суфікс -ok заменены на беларускі-ік (з памяншальна-ласкальным адценнем)[1].
Відзік // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / рэд. Мартынаў В. — Мінск: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, 1980. — Т. 2. — 344 с.