Грэцыя, Румынія і Балгарыя з’яўляюцца членамі Еўрапейскага Саюза. Турцыя, Грэцыя, Балгарыя і Румынія ўваходзяць у НАТА.
Па тэрыторыі Балканскага паўвострава праходзяць важныя транспартныя магістралі, якія злучаюць Заходнюю Еўропу з Паўднёва-Заходняй Азіяй (Малая Азія і Блізкі Усход).
З’яўляецца радзімай шматлікіх старажытных культур і цывілізацый.
Геапалітыка
Геаграфія Балканаў адыграла крытычна важную ролю ў эвалюцыі яго этнічных і нацыянальных супольнасцей, а таксама ў культурным развіцці гэтага рэгіёна. Пераважную частку плошчы Балканаў займаюць горы, што не толькі падзяліла прыдатныя для жыцця землі на дробныя часткі, але і стварыла раздробленасць у культурным і палітычным развіцці. Спачатку ізаляцыя і дробны падзел рэгіёна процідзейнічалі ўзнікненню якой-небудзь адзінай этнічнай ці нацыянальнай супольнасці. Як вынік, існаванне ў рэгіёне раздробленых этнічных супольнасцей у спалучэнні з геаграфічнай раздробленасцю не дало тут узнікнуць адзінаму вялікаму дзяржаўнаму ўтварэнню; замест гэтага ўзніклі некалькі драбнейшых дзяржаў, якія спаборнічалі між сабою.[2]
З іншага боку, існаванне спрыяльных умоў для доступу ў рэгіён звонку (у т. л., існаванне працяглых берагавых ліній на Адрыятычным, Эгейскім і Чорным морах) і размяшчэнне паміж урадлівымі раўнінамі Еўропы (на поўначы і захадзе) і Малой Азіяй і Міжземнамор’ем (на ўсходзе і поўдні) робіць Балканы своеасаблівым скрыжаваннем шляхоў паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. Праз Балканы праходзяць тры вялікія міграцыйныя (ці заваёўныя) шляхі: першы — на захад уздоўж паўночнага ўзбярэжжа Чорнага мора і далей уздоўж Дуная ў Цэнтральную Еўропу або на паўднёвы ўсход праз сучасную Балгарыю ў Стамбул (Канстанцінопаль); другі — з Цэнтральнай Еўропы Дунаем у Ніс і далей або Вардарам праз цясніну Скоп’е ў Салонікі, або Марыцай у Сафію і потым у Канстанцінопаль; трэці — з Італіі праз Адрыятычнае мора, далей праз Албанію і Паўночную Грэцыю ў Канстанцінопаль.[3]
↑Charles Jelavich and Barbara Jelavich, The Balkans, Englewood Cliffs, NJ: Prentice-Hall, 1965, p. 3. Цыт. у (Johnsen 1995).
↑Robert J. Kerner, ed., Yugoslavia, Berkeley: University of California Press, 1949, p. 8, and Jelavich and Jelavich, The Balkans, p. 3. Цыт. у (Johnsen 1995).
Літаратура
William T. Johnsen. Deciphering the Balkan Enigma: Using History to Inform Policy [7.11.1995]. 1st revised edition [Strategic Studies Institute; Joint Electronic Library].