Сучасны Ніш — буйны гандлёвы, прамысловы і культурны цэнтр на паўднёвым усходзе Сербіі.
Гісторыя
Ранняя гісторыя
На тэрыторыі Нішу людзі жылі з эпохі сярэдняга палеаліту (100 000—30 000 да н.э.). Назву гораду, хутчэй за ўсё, надалі кельты.
Рымляне захапілі горад у I стагоддзі да н.э., і Наіс (сучасны Ніш) стаў цэнтрам правінцыі Верхняя Мёзія. У верасні 268 года н.э. рымская армія сутыкнулася з готамі ў крывавай бітве пад Наісам. Перамога ў ёй забяспечыла існаванне Заходняй Рымскай імперыі на наступныя два стагоддзі. А ў 271 (або ў 273) годзе ў Наісе нарадзіўся будучы імператар Канстанцін Вялікі.
У V стагоддзі горад неаднаразова цярпеў ад нападу гунаў, якія, ў рэшце рэшт, разбурылі яго.
Сярэднявечча
У VI—VII стагоддзях на горад восем разоў нападалі славяне, і ў 615 годзе захапілі яго. У 803 годзе горад захапіў балгарскі хан Крум. У 1018 годзе Візантыя вярнула сабе горад. Балгарыя зноў стала валодаць горадам з 1190 года. У 1386 і 1427 гадах горад быў разрабаваны і разбураны туркамі. У 1443 годзе горадам завалодаў сербскі дэспат Георгій Бранкавіч: хрысціянскае войска на чале з ім і венгерскім ваяводам Янашам Хуньядзі адкінула турак да Сафіі.
Асманская імперыя
Але ўжо ў 1448 годзе Ніш быў захоплены асманамі. Падчас Вялікай турэцкай вайны ў верасні 1689 года горад здолелі захапіць аўстрыйцы, але ўжо праз года яны былі вымушаны капітуляваць і зноў здаць яго туркам.
Паводле сцверджанняў балгарскіх гісторыкаў, да 1878 года большую частку насельніцтва складалі балгары[1]. Але ў выніку Сан-Стэфанскага міру Ніш быў далучаны да Сербіі. у наступныя дзесяцігоддзі большасць балгараў пакінула горад, а ў сувязі з урбанізацыяй XX стагоддзя ў горад перасяліліся тысячы сербскіх сялян.
14 кастрычніка 1944 года горад быў вызвалены ад нацысцкіх акупантаў.