Нарадзіўся Багдан-Ігар Антоніч 5 кастрычніка1909 года ў сяле Новіца Гарліцкага павета на Лэмкаўшчыне (цяпер Польшча) у сям’і святара Васіля. Перад нараджэннем адзінага сына сям’я змяніла прозвішча Кіт на Антоніч.
Пачатковую адукацыю Ігар атрымаў дома, па наглядам прыватнай настаўніцы. Яшчэ дзіцем ён пачаў пісаць вершы. Працягваў пісаць і ў сярэдняй школе, але паколькі навучанне ў школе вялося па-польску і ў асноўным польскім было яго атачэнне, то і юнацкія яго творы былі напісаныя на польскай мове.
На працягу 1920—1928 гадоў навучаўся ў каралеўскай гімназіі гуманітарнага тыпу імя Каралевы Сафіі ў Сянку, дзе прачытаў у польскім перакладзе ўсіх нобелеўскіх лаўрэатаў.
Першыя свае ўкраінскія вершы Антоніч напісаў у коле львоўскага студэнцтва.
У Львове паэт пачаў актыўна ўлівацца ў грамадска-палітычнае жыццё сталіцы Заходняй Украіны, стаў сябрам гуртка студэнтаў-украіністаў пры Навуковай секцыі Таварыства прыхільнікаў асветы, пачаў заўзята вывучаць нюансы ўкраінскай мовы, цікавячыся не толькі слоўнікамі і падручнікамі, але і творамі паэтаў Савецкай Украіны.
Першы свой верш Антоніч надрукаваў у 1931 годзе ў часопісе «Вогні». Пасля гэтага яго творы з’яўляліся ў шматлікіх перыядычных выданнях. У тым жа 1931 годзе выходзіць першы зборнік паэта «Вітанне жыцця» («Привітання життя»), які і прыцягнуў увагу львоўскай літаратурнай грамадскасці да Антоніча.
Адначасова паэт працаваў над кнігай рэлігійнай паэзіі «Вялікая гармонія» («Велика гармонія»).
У гэты ж час, нягледзячы на актыўную паэтычную дзейнасць, а таксама цяжкі працэс засваення літаратурнай мовы, паэт усё ж знаходзіць час на працу і ў іншых жанрах літаратуры і публіцыстыкі. Ён выступаў з дакладамі пра ўкраінскую і замежную літаратуру, займаўся перакладамі, пісаў рэцэнзіі на старонках прэсы пад псеўданімам Заіл, спрачаўся пра палітычныя і грамадскія справы, друкаваў сатырычныя фельетоны і пародыі, у часопісе «Дажбог» вёў літаратурную хроніку.
Заканчэнне ўніверсітэта ў Антоніча супала з выхадам яго другога зборніка паэзіі «Тры пярсцёнкі» («Три перстені»). Гэтая кніга вывела Антоніча ў першыя шэрагі заходнеўкраінскіх пісьменнікаў. У ёй былі ўжо ўсе мастацкія рысы, філасофскія разгалінаванні, бліскучыя моўныя знаходкі яго паэзіі. Некаторыя крытыкі лічылі «Тры пярсцёнкі» найлепшым зборнікам паэзіі Антоніча, а нехта нават трактаваў паэта як аўтара адной кнігі.
Пасля заканчэння універсітэта ў 1933 годзе Антоніч заняўся літаратурнай дзейнасцю, з якой і жыў.
За перыяд з 1934 па 1937 гады Антоніч напісаў яшчэ тры кнігі, але толькі адна з іх, «Кніга Льва» («Книга Лева»), выйшла пры яго жыцці — у 1936 годзе. Дзве іншыя — «Зялёнае евангелле» («Зелена євангелія») і «Ратацыі» («Ротації») — пасмяротныя выданні, датаваныя 1938 годам.
Памёр 6 ліпеня 1937 года на дваццаць восьмым годзе жыцця. Запаленне сляпой кішкі прывяло да вельмі цяжкага запалення лёгкіх, якое дактары перамаглі. Але ліхаманкі і доўгага напружання не вытрымала слабое сэрца. Пахаваны ў Львове на Яніўскіх могілках.