Анато́ль Алякса́ндравіч Малафе́еў (14 мая1933, Гомель — 19 студзеня2022) — беларускі палітык, дзяржаўны дзеяч, першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі (1990—1991), старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (1996—2000).
Скончыў Інстытут народнай гаспадаркі (Мінск), потым — завочную Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Працаваў слесарам на Мінскім і Гомельскім вагонарамонтных заводах. З 1962 года займаў ніжэйшыя пасады партыйных органаў у Гомелі, а ў 1970 годзе стаў інструктарам аддзела хіміі і лёгкай прамысловасці ЦК КПБ[2]. Адтуль Малафееў быў накіраваны на пасаду Першага сакратара Мазырскага гаркама партыі. З Мазыра ён паехаў у Гомель на пасаду старшыні аблвыканкаму, аднак хутка узначаліў Гомельскі, а потым і Мінскіабкамы кампартыі. Пад час яго кіравання Мінскім абкамам, адбылася першае шэсце «Дзяды». На наступны дзень пасля бойкі адбыўся тэрміновы сход беларускага Саюза пісьменнікаў, а 4 лістапада закрыты сход пісьменнікаў, якія былі членамі КПБ. На апошняе мерапрыемства, акрамя іншых партыйных чыноўнікаў прыехаў і Анатоль Малафееў.
Абстаноўка складаная. Ёсць экстрэмісты. Ёсць эмоцыі. На шчыт падымаецца Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг. А навошта гэта? Няўжо гэта галоўнае ў перабудове? У гарвыканкама былі падставы забараніць мітынг на «Дзяды». Выступленне на закрытым сходзе Саюзу Пісьменнікаў БССР, 4 лістапада 1988 г.
У 1990 годзе А. Малафеева выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а з 1991 года — Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. У 1990 годзе ён узначаліў Камуністычную партыю рэспублікі і стаў апошнім кіраўніком КПБ. Ён стаў адным з нешматлікіх партыйных кіраўнікоў, якія падтрымалі жнівеньскі путч 1991 года.
Пасля забароны дзейнасці КПСС на тэрыторыі Беларусі Анатоль Малафееў пачаў працаваць у Галоўным упраўленні па дзяржаўных матэрыяльных рэсурсах. З сакавіка 1996 года стаў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі ВС Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы і рэформах[3]. З лістапада 1996 года быў прызначаны Старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (да 2000 года). У 2004—2008 гадах узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.