Алег Леанідавіч Сліжэўскі (нар. 16 жніўня 1972, Гродна, БССР, СССР) — беларускі дзяржаўны дзеяч, міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь (2011—2021), член Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (2007—2021). Фігурант санкцыйных спісаў ЕС, ЗША, шэрагу іншых краін.
Біяграфія
Працоўную дзейнасць пачаў на гродзенскім заводзе «Радыёпрыбор». У 1990—1992 гадах служыў ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь. У 1998 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Правазнаўства», у 1999 годзе там жа скончыў магістратуру. Са снежня 1996 па сакавік 1999 года — судовы выканаўца суду Кастрычніцкага раёна Гродна (бел. (тар.)) (бел.. З сакавіка 1999 па лістапад 2002 года — галоўны спецыяліст, намеснік начальніка аддзела арганізацыйнага забеспячэння дзейнасці судоў упраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
З лістапада 2002 па верасень 2010 года — намеснік начальніка ўпраўлення грамадскіх аб’яднанняў, начальнік аддзела палітычных партый і прафсаюзаў упраўлення грамадскіх аб’яднанняў, начальнік упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі.
З 2007 да 2021 года член Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. З 3 верасня 2010 года па 13 снежня 2011 года — старшыня Рэспубліканскага працоўнага арбітражу.
У 2005 годзе скончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2012 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».
13 снежня 2011 года прызначаны Міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь[2]. 16 кастрычніка 2015 года пастановай Савета Міністраў № 870 у складзе ўрада склаў свае паўнамоцтвы перад нававыбраным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь[3], а 17 снежня 2015 года ўказам прэзідэнта № 500 зноў зацверджаны на пасадзе міністра[4]
18 кастрычніка 2021 года вызвалены ад пасады міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь[5] у сувязі з пераходам на працу[6] ў структуру Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь[7].
Санкцыі ЕС, ЗША і іншых краін
Сліжэўскі неаднаразова станавіўся суб’ектам забароны на паездкі і замарожвання актываў Еўрапейскім Саюзам як Чорнага спісу Еўрасаюза: пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года[8] як кіраўнік аддзела грамадскіх арганізацый, партый і няўрадавых арганізацый Міністэрства юстыцыі, прэзідэнцкіх выбараў 2010 года як кіраўнік аддзела грамадскіх арганізацый, партый і няўрадавых арганізацый Міністэрства юстыцыі і член ЦВК[9].
Згодна з рашэннем Савета Еўрапейскага саюза ад 15 кастрычніка 2012 года, у якасці міністра юстыцыі, члена Цэнтральнай выбарчай камісіі і былога кіраўніка аддзела грамадскіх арганізацый і палітычных партый Міністэрства юстыцыі чыноўнік адказваў за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў[10][11]. На сваёй пасадзе ў Міністэрстве юстыцыі і згодна з кантролем, які ён ажыццяўляе над судовай сістэмай, Сліжэўскі прымаў актыўны ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі шляхам адмовы ў рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый і палітычных партый, што ў многіх выпадках прыводзіла да іх ліквідацыі[11]. Еўрапейскія санкцыі былі знятыя 15 лютага 2016 года[12].
31 жніўня 2020 года Сліжэўскі быў уключаны ў спіс асобаў, на якіх накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію і забарона на ўезд у Літву ў сувязі з тым, што сваімі дзеяннямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і наступнае гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў[13]. Восенню 2020 года Сліжэўскага як члена ЦВК зноўку ўключылі ў Чорны спіс Еўрасаюза (за парушэнне выбарчага працэсу, невыкананне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасці і празрыстасці, фальсіфікацыю вынікаў выбараў[14]), а таксама ў санкцыйныя спісы Канады[15], Вялікабрытаніі[16], Швейцарыі[17][18]. 20 лістапада да кастрычніцкага пакета санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Украіна[19].
Таксама Сліжэўскі па выніках «прынцыпова недэмакратычных», паводле ЗША, прэзідэнцкіх выбараў 2006 года з лютага 2007 года знаходзіцца ў санкцыйным спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб за дзеянні, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты[20][21].
Узнагароды
Зноскі