Іўеўская мячэць — мячэць, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1884 годзе ў г. Іўе (Гродзенская вобласць) па фундацыі Эльфрыды Рудольфаўны Замойскай, уладальніцы мястэчка. На грошы татараў-эмігрантаў, якія прыслалі ў 1922 г. з ЗША 500 долараў, былі дабудаваны мінарэт і галерэя.
Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай прыбудовай-міхрабам, накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога 8-гранны мінарэт. Першапачаткова галоўны фасад быў аформлены галерэяй на 4 слупах з выгнутымі падкосамі (у 1970-я гг. заменена невысокім тамбурам). Інтэр’ер падзелены на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі.