У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Любімаў.
Ісідар Еўсцігнеевіч Любімаў (13(25).5.1882, в. Старышчава Калагрыўскі павет Кастрамской губерні — 27.11.1937, Масква) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
З сялян. Скончыў пачатковую сельскую школу. Вучыўся ў рамесна-настаўніцкай школе. З 1899 года працаваў настаўнікам у земскай школе. Член РСДРП з 1902 года. Прафесійны рэвалюцыянер, у 1902—1906 гадах вёў партыйную працу ў Яраслаўлі, Кінешме, Вічузе, Кастраме. Бальшавік, дэлегат V з’езду РСДРП. У 1907—1910 гадах партыйны арганізатар ў Сакольніцкім раёне Масквы, член МК РСДРП.
Двойчы быў арыштаваны. У 1910 годзе сасланы ў Ніжні Ноўгарад, у 1911 годзе высланы ў Валагодскую губерню. З 1915 года служыў у Земскім саюзе ў Мінску. У 1916 годзе прызваны ў Рускую імператарскую армію, служыў у Земгары[ru]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года намеснік старшыні і старшыня Мінскага Савета, адзін з арганізатараў 1-га з’езда салдацкіх дэпутатаў Заходняга фронта. Са жніўня 1917 года гарадскі галава Іванава-Вазнясенска, затым намеснік старшыні гарадскога выканкама. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1918 годзе старшыня Іванава-Вазнясенскага губвыканкама. Выбраны членам Устаноўчага сходу ад Уладзімірскай акругі, № 6 — бальшавікі, удзельнік паседжання УС 5 студзеня 1918 года.
Падчас Грамадзянскай вайны ў кастрычніку 1919 — лістападзе 1920 года член Рэвваенсавета і надзвычайны ўпаўнаважаны па снабжэнні Туркестанскага фронта. Шмат зрабіў для супрацы рускіх і мусульманскіх камуністаў ва ўмацаванні савецкай улады ў Туркестане, аб’яднанні ваенных намаганняў нацыянальных рэспублік для стварэння рэгулярных часцей Чырвонай Арміі, арганізацыі яе забеспячэння і баявых дзеянняў супраць Белага руху і яго саюзнікаў.
З 1920 года член Прэзідыума ЦВК Туркестана, намеснік старшыні ЦК кампартыі Туркестана і старшыня СНК Туркестанскай АССР. З 1921 года член Прэзідыума УСНГ Украіны. У 1921—1924 гадах намеснік старшыні і старшыня Галоўнага ўпраўлення бавоўнавага камітэта (Галбавоўнкам) пры УСНГ, намеснік старшыні Сярэднеазіяцкага бюро ЦК РКП(б), старшыня Сярэднеазіяцкай эканамічнай нарады. Стваральнік сістэмы «сельскагаспадарчай монакультурнасці» азіяцкіх рэспублік, што прычынілася вузкай бавоўнавай спецыялізацыі і згортванню іншых кірункаў сельскай гаспадаркі, прычым незалежна ад прыдатнасці глебаў. У 1924—1926 гадах намеснік старшыні Выканкама Массавета і член Прэзідыума УСНГ СССР.
У 1925 годзе на XIV з’ездзе ВКП(б) абраны кандыдатам у члены ЦК, на XV—XVII з’ездах ВКП(б) — членам ЦК (снежань 1937 — чэрвень 1938). У 1926—1930 гадах старшыня Цэнтрасаюза СССР. З лістапада 1930 года намеснік наркама знешняга і ўнутранага гандлю СССР і гандльпрад у Германіі — важнейшая тым часам пасада ў сістэме знешняга гандлю СССР. Пры раздзяленні УСНГ СССР 5.1.1932 года быў створаны Наркамат лёгкай прамысловасці СССР, І. Любімаў прызначаны наркамам.
Зняты з пасады наркама 7.9.1937 года як «не адолеўшы працу», да таго часу, у т.л. праз масавыя рэпрэсіі, лёгкая прамысловасць была дэзарганізавана, арыштаваны 24.9.1937 года. Прыгавораны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 27.11.1937 года.
Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Узнагароды
Зноскі
Літаратура
- Залесский К. А. Империя Сталина. Биографический энциклопедический словарь. — М.: Вече, 2000.
- Протасов Л. Г. Люди Учредительного собрания: портрет в интерьере эпохи. — М.: РОСПЭН, 2008.
- Советская военная энциклопедия. В 8 т. / Гл. редкомиссия: Н.В. Огарков (предс.) [и др.].. — М.: Воениздат, 1978. — Т. 5. Линия адаптивной радиосвязи — Объектовая противовоздушная оборона. — 687 с.