Выхаванец віцебскай ДЮСШ «Камсамолец», у 2016 годзе пачаў выступаць за дубль «Віцебска». У 2017 годзе трывала замацаваўся ў дублі, за першую палову сезона забіў 11 галоў. У ліпені 2016 года быў запрошаны на прагляд у кіеўскае «Дынама», але неўзабаве вярнуўся ў Віцебск[5], дзе стаў прыцягвацца да асноўнага складу. 23 ліпеня 2017 года дэбютаваў у асноўнай камандзе ў матчы 1/8 фіналу Кубка Беларусі супраць «Слуцка» (0:0, пен. 2:4), калі выйшаў на замену на 87-й хвіліне, правёў на полі 30 хвілін дадатковага часу і стварыў шэраг небяспечных момантаў. Праз тыдзень, 29 ліпеня, дэбютаваў у Вышэйшай лізе, выйшаўшы на замену ў другім тайме хатняга матча супраць «Крумкачоў» (2:2). У гэтым матчы прымусіў брамніка гасцей Яўгена Касцюкевіча парушыць правілы і атрымаць чырвоную картку. 5 жніўня, у другім сваім матчы ў Вышэйшай лізе супраць магілёўскага «Дняпра», выйшаў на замену на 70-й хвіліне і забіў пераможны гол сваёй каманды (выніковы лік 2:1).
З верасня 2017 года да канца сезона не з’яўляўся на полі з-за траўмы. Вярнуўся на полі толькі ў чэрвені 2018 года, спачатку гуляў за дубль (дзе ў сезоне 2018 паспеў забіць 18 галоў), а неўзабаве стаў выступаць і за асноўную каманду, выходзячы на замену.
«Энергетык-БДУ»
У студзені 2019 года датэрмінова разарваў кантракт з «Віцебскам»[6] і неўзабаве перайшоў у сталічны «Энергетык-БДУ»[7]. У першай палове сезона 2019 звычайна выхадзіў на замену, выступаў таксама за дубль, аднак пазней замацаваўся ў стартавым складзе, стаўшы асноўным нападнікам каманды. Трывала адзначаўся галамі, 27 верасня 2019 года ў матчы з «Мінскам» (6:1) аформіў покер, 26 кастрычніка таго ж года стаў аўтарам хет-трыка ў матчы з мінскім «Дынама» (3:3). У выніку з 19 галамі стаў найлепшым бамбардзірам Вышэйшай лігі ў сезоне, таксама быў прызнаны найлепшым нападнікам чэмпіянату.
ЦСКА Масква
8 студзеня 2020 года стала вядома аб пераходзе Шкурына ў брэсцкае «Дынама»[8], аднак ужо на наступны дзень было абвешчана аб падпісанні кантракта з маскоўскім ЦСКА на 4,5 гады[9]. У складзе ЦСКА не меў трывалага месца ў аснове, звычайна заставаўся на лаўцы запасных або выхадзіў на замену. 15 жніўня 2020 года забіў першы гол за ЦСКА ў матчы з «Тамбовам» (2:1).
У ліпені 2021 года на правах арэнды далучыўся да кіеўскага «Дынама»[10]. У лютым 2022 года польскі «Ракаў» з Чэнстаховы арандаваў нападніка з правам выкупу[11]. Аднак, з’явіўся на полі толькі ў двух матчах, пасля чаго страціў месца ў складзе. У верасні 2022 года па пагадненні бакоў арэнда была спынена[12], пасля чаго нападнік прыпыніў кантракт з ЦСКА і стаў іграком клуба «Макабі» (Петах-Тыква) з другога дывізіёна Ізраіля[13]. За сезон 2022/23 адзначыўся 14 галамі за «Макабі» і дапамог клубу выйсці ў элітны дывізіён.
У ліпені 2023 года далучыўся да польскай «Сталі» з Мелеца[14]. Дэбютаваў за каманду 22 ліпеня 2023 года ў матчы першага тура чэмпіянату Польшчы супраць «Краковіі» (2:2), дзе адзначыўся голам і галявой перадачай. 25 лістапада 2023 года ў матчы супраць «Погані» (3:2) аформіў хет-трык, пасля чаго па выніках лістапада быў прызнаны іграком месяца ў польскай Экстраклясе. У студзені 2024 года падпісаў новы кантракт са «Сталлю» да чэрвеня 2025 года з магчымасцю падаўжэння яшчэ на адзін сезон, які пачне дзейнічаць з ліпеня 2024 года пасля заканчэння пагаднення з ЦСКА[15].
Міжнародная кар’ера
1 верасня 2017 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі ў матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2019 супраць Грэцыі (0:2), выйшаўшы на замену ў другім тайме. Восенню 2019 года правёў яшчэ 5 матчаў за моладзевую зборную.
Грамадская пазіцыя і пераслед з боку ўлад Беларусі
У жніўні 2020 года пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка. У снежні 2020 года быў выключаны са спісу кандыдатаў у моладзевую і нацыянальную зборныя Беларусі па футболе, а таксама быў пазбаўлены льготы, якая давала права на адтэрміноўку ад ваеннай службы[16].
Украінскі журналіст Ігар Цыганык у праграме «Цыганык LIVE» распавёў, што «беларуская ўлада патрабавала дэпартаваць футбаліста з Расіі, каб разабрацца з ім дома»[17].
Дасягненні
Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі: 2019 (19 галоў)
Найлепшы нападнік чэмпіянату Беларусі: 2019
У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2019