«Generation П» — экранізацыя аднайменнага рамана Віктара Пялевіна у пастаноўцы Віктара Гінзбурга. Праца над фільмам пачалася ў канцы 2006 года, у расійскі пракат фільм выйшаў 14 красавіка 2011 года. У першыя два дні пракату на тэрыторыі СНД фільм паглядзелі 255 тысяч гледачоў, зборы за гэты перыяд склалі больш за 2 мільёны долараў[5][6].
Гісторыя стварэння
Праект здымаўся як незалежнае кіно — грошы на здымку Гінзбург прыцягваў самастойна. Бюджэты імкліва канчаліся, і некалькі разоў карціна была на мяжы спынення, таму працэс здымак заняў каля пяці гадоў.
Фільм «Generation П» — першая вялікая праца аўтара — быў успрыняты публікай і крытыкамі вельмі востра. Адны сцвярджалі, што ў ім няма і ценю Пялевіна, іншыя ўпэўненыя, што ён — дакладны падрадкоўнік рамана. Пры гэтым, працуючы над сцэнарыям, Гінзбург змяніў па-свойму многія часткі, зрэшты, вельмі акуратна, баючыся парушыць атмасферу самога твора[7].
Фільм быў зняты ў Маскве і Падмаскоўі. Так, «Інстытут пчалярства», ён жа «Міжбанкаўскі камітэт», здымаўся ў асноўным у будынку РИА Новости на зубаўскім бульвары. Кабінет Азадоўскага з панарамным відам на Маскву здымаўся ў Смаленскім пасажы.
Сюжэт
Выпускнік Літінстытута Вавілен Татарскі праз кар’еру ў рэкламным бізнесе Расіі 1990-х гадоў праходзіць шлях ад прадаўца ў шапіку да лічбавага ўвасаблення мужа багіні Іштар.
Сюжэт у цэлым адпавядае раману Пялевіна, пры гэтым апушчаны ці скарочаны некаторыя главы рамана, а таксама дададзеныя сцэны, якіх няма ў кнізе. Так, «гаворка» Чэ Гевары пра ваў-імпульсы і ваў-фактары, якая займае больш за 5 % агульнага аб’ёму рамана, у фільме доўжыцца крыху больш за хвіліну. Усяго з адной фразы Марковіна ў кнізе: «Трэба новых палітыкаў рабіць, сучасных — праграму разам з харызмай!» ў фільме выведзена лінія новага прэзідэнта Расіі, якога «Міжбанкаўскі камітэт» «зляпіў» з кіроўцы Колі.
Узнагароды і прэміі
Фільм быў запрошаны ў афіцыйныя праграмы дзясяткаў вядучых фестываляў свету, уключаючы прэстыжную праграму «Авангард» фестывалю ў Таронта. Фільм выйграў «Спецыяльную згадку журы» у Карлавых Варах і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на фестывалі расійскага кіно «Спадарожнік над Польшчай», які праходзіў у Варшаве і з’яўляецца самым буйным у свеце штогадовым аглядам расійскіх фільмаў.
Выданне «Russia Beyond the Headlines», якое з’яўляецца міжнародным праектам «Расійскай газеты», назвала Generation «П» адным з лепшых 11 фільмаў 2011 года, паставіўшы яго на першае месца.
У студзені 2012 года амерыканскае інтэрнэт-выданне The Huffington Post паставіла фільм на першае месца сярод 63 замежных фільмаў, якія прымалі ўдзел у міжнародным кінафестывалі ў Палм-Спрынгс (Каліфорнія)[8].
Зноскі
Спасылкі