Юсы — агульная назва літар старажытнай кірыліцы (і глаголіцы), якімі пазначалі на пісьме насавыя галосныя славянскіх моў. У большасці сучасных славянскіх моў (акрамя некаторых заходнеславянскіх, сярод якіх польская, і некаторых паўднёваславянскіх гаворак) насавыя галосныя зніклі, ператварыўшыся ў іншыя гукі (пераважна галосныя, аднак у некаторых славянскіх гаворках засведчан вынік ператварэння насавых у складовыя зычныя)[1].
Ва ўсходнеславянскіх гаворках насавыя галосныя канчаткова зніклі, хутчэй за ўсё, яшчэ ў дапісьмовы час. На карысць гэтага сведчыць тое, што ў Астраміравым Евангеллі змешваюцца буквы ѫ і оу, ѭ і ю, ѧ і ѩ.[1]
Сучасная кірылічная буква я напрамую паходзіць ад рукапіснага малога юса ѧ.
У кірылічнай азбуцы (зрэшты, як і ў глаголіцы) было чатыры юсы:[1]
- Ѧѧ — малы юс
- Ѩѩ — ётаваны малы юс
- Ѫѫ — вялікі юс
- Ѭѭ — ётаваны вялікі юс
Малы юс Ѧ
Малы юс Ѧ пазначаў на пісьме насавы галосны гук пярэдняга раду, які вымаўляўся прыблізна як [э], толькі ў нос. Узнік шляхам зліцця спаранага гука [эн]. Адпаведна, ётаваны малы юс Ѩ пазначаў на пісьме гук, які ўзнік на месцы праславянскага [ен].
У старажытнарускіх гаворках супаў з [я], які пазначаўся буквай Ꙗ (іа), яшчэ ў дапісьмовыя часы. Гэта праяўлялася ў змешванні літар ѧ і ѩ, а таксама ѧ і Ꙗ.
Ад рукапіснага малога юса Ѧѧ паходзіць сучасная кірылічная буква Яя.
Дзеля спрашчэння чытання старажытных славянскіх помнікаў буквы ѧ і ѩ можна чытаць як я (што адпавядае натуральнаму гістарычнаму ператварэнню насавых галосных пярэдняга раду ва ўсходнеславянскіх мовах, у тым ліку ў беларускай).
Вялікі юс Ѫ
Вялікі юс Ѫ перадаваў на пісьме насавы галосны непярэдняга раду, падобны да [о], вымаўленага ў нос.
Адпаведна, ётаваны вялікі юс Ѭ пазначаў нешта падобнае да [ё], вымаўленага ў нос.
У старажытных усходнеславянскіх гаворках у дапісьмовы час гук, пазначаны вялікім юсам Ѫ, перайшоў у гук [у] (адпаведна, гук Ѭ — у [ю]). Таму дзеля спрашчэння буквы Ѫ і Ѭ можна чытаць як у і ю, адпаведна.
Са знікненнем адпаведных гукаў патрэба ў вялікіх юсах адпала, і з цягам часу яны ўжываюцца ва ўсходнеславянскіх пісьмовых помніках ўсё радзей і ўрэшце наогул выходзяць з ужытку, не пакінуўшы слядоў ў сучасных усходнеславянскіх азбуках.
Ѧ – вялікая буква малы юс – U+0466
ѧ – малая буква малы юс – U+0467
Ѩ – вялікая буква ётаваны малы юс – U+0468
ѩ – малая буква ётаваны малы юс – U+0469
Ѫ – вялікая буква вялікі юс – U+0470
ѫ – малая буква вялікі юс – U+0471
Ѭ – вялікая буква ётаваны вялікі юс – U+0472
ѭ – малая буква ётаваны вялікі юс – U+0473
Зноскі