Паводле міфалогіі чынук, яны з’яўляюцца нашчадкамі чалавека, народжанага ад яйка буравесніка[4]. Навукоўцы лічаць, што продкі чынук насялялі ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі пасля 300 г. да н. э.[5] Чынук не мелі палітычнага адзінства і падзяляліся на некалькі малых народаў. Агульная назва чынук была дадзена ім у сярэдзіне XIX ст. па найменню салішскайвёскі.
У 1850—1851 гг. тэрыторыі чынук пачалі займаць амерыканскія перасяленцы. Улады ЗША заключылі мірныя пагадненні з плямёнамі і перасялілі іх у рэзервацыі.
Культура
Галоўнымі заняткамі індзейцаў чынук здаўна з’яўляліся рыбалоўства і збіральніцтва. Рыбу лавілі сеткамі, білі гарпунамі, стрэламі, ладзілі пасткі і дамбы на рэках. Асабліва важную ролю адыгрываў сезонны лоў ласасёвых рыб. Іх вэндзілі і назапашвалі на зімовы перыяд. Паўсядзённым дадаткам да ежы быў рыбін тлушч. Збіральніцтвам займаліся пераважна жанчыны. Збіралі ядомыя расліны і малюскаў. Прысмакам лічылася смажаная на камянях дзікая цыбуля з ягадамі. Нягледзячы на багатую фаўну, паляванне мела другасны характар. Палявалі на ласёў, аленяў, дзікіх птушак, жыхары ўзбярэжжа — на ластаногіх. У XIX ст. ведалі конегадоўлю, умелі вырошчваць бульбу.
Чынук былі выдатнымі будаўнікамі каноэ, што вырабляліся з суцэльнага драўнянага ствала і выпальваліся ўсярэдзіне. Экспедыцыя Льюіса і Кларка выкарыстоўвала мясцовыя каноэ для транспартыроўкі па рацэ Калумбія і нават выкрала адно, калі не здолела дамовіцца аб абмене на тавары. Лічыцца, што чынук рэдка ваявалі, хаця сярод іх былі ваеннапалонныя рабы. У якасці зброі выкарыстоўвалі лукі, стрэлы, дзіды і булавы. Для абароны цела выраблялі наборныя даспехі з ласінай скуры і хваёвайкары. У пачатку XIX ст. чынук ужо шырока выкарыстоўвалі прылады еўрапейскага паходжання, пра што кажуць шматлікія шкляныя бутэлькі[8], якія знаходзяць археолагі.
Багатыя рэсурсы дазвалялі чынук мець сталыя паселішчы. Хаціны будавалі ў форме чатырохкутніка з дошак. У даўжыню яны былі ад 15 м да 45 м. У такой хаціне адначасова жыло некалькі сваяцкіх сем’яў. Для абароны ад вільгаці дошкі перакрывалі некалькі разоў. Знутры хаціны мелася яміна для агменю. Вокнаў не было, аднак у даху рабілі адтуліны для святла і дыму. Спальныя месцы і гаспадарчая прастора адлучаліся дошкамі і шкурамі. Перад уваходам усталёўваўся татэмны слуп.
Мужчыны амаль не насілі вопратку. Толькі ў дрэннае надвор'е апраналі халаты, падперазаныя вяроўкай. Жанчыны мелі вопратку накшталт спадніц і фартухоў. Для вопраткі выраблялі валакно з асоту або хваёвай кары. Чынук багата размалёўвалі цела і твар, рабілі татуіроўкі, упрыгожваліся бісерам.
Асноўнай грамадска-палітычнай адзінкай была вясковая абшчына, што складалася з буйных пашыраных сем.яў, якія ў сваю чаргу ўваходзілі ў склад родаў. Сваяцтва перадавалася па жаночай лініі, таму дзеці былі чальцамі роду маці. Пэўныя сем’і і роды валодалі месцамі лову і збіральніцтва, каноэ. Існавала таксама прыватная маёмасць. Найбольш заможны мужчына займаў пасаду правадыра вёскі. Асабліва заможныя маглі кантраляваць некалькі суседніх вёсак. У чынук існаваў звычай сплескваць чэрап немаўлятаў з дапамогай дошак. Пляскаты чэрап лічыўся прыкметай заможнага роду. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы знаходзіліся рабы. Іх колькасць дасягала 25 % ад усяго насельніцтва.
Чынукскія мовы ўтвараюць самастойную моўную сям’ю. Часам яе аб’ядноўваюць з цымшыянскімі мовамі. Вылучаюць 8 моў, якія падзяляюць на 3 групы. У нашы дні захавалася толькі верхнечынукская мова васка-вішрам. На аснове чынукскіх і еўрапейскіх моў узнік крэольскі жаргон чынук вава.