Вадаспа́д — падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць y месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні.
Найбольш вядомы Ніягарскі вадаспад y Паўночнай Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспада могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных (напрыклад вадаспад Ківач на рацэ Суна ў Карэліі).
Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для будаўніцтва ГЭС (напрыклад вадаспады Гуайра на рацэ Парана ў Паўднёвай Амерыцы). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і іншымі гідратэхнічнымі збудаваннямі.
Самы высокі вадаспад у свеце — Анхель на рацэ Чурун, вышынёй 1054 м, што знаходзіцца ў Паўднёвай Амерыцы (Венесуэла). Другі па велічыні — Тугела (411 м.).
Самы велічны — вадаспад Вікторыя на рацэ Замбезі (шырыня 1800 м, вышыня 120 м). Самы шырокі вадаспад — Кхон на рацэ Меконг — 10 км з улікам астравоў. Найбольшы каскад вадаспадаў на рацэ Тугела (933 м) y Афрыцы.