Упершыню Цырын (Цэрын) згадваецца ў XVI ст. як уладанне вялікіх князёў. У 1432Ягайла надаў Цэрынскае староства двараніну Наваградскай зямлі Севестрыяну Сегеню. У кан. XVI ст. тут праводзіліся павятовыя соймікі. Цягам XVI—XVIII стст. мястэчка было цэнтрам староства Наваградскага павета.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цырын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Наваградскага павета. У 1852 расійскія ўлады збудавалі тут драўляную царкву. У 1862 адкрылася прыходская школа, у другой палове 80-х — народнае вучылішча. У кан. XIX — пач. XX ст. існавалі валасная і мяшчанская ўправы, царква, 2 капліцы, яўрэйскі малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, вадзяны млын; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. Станам на 1908 у мястэчку было 110 двароў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Цырын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградскага павета. За польскім часам тут існавала пачатковая школа, пошта, прыватныя яўрэйскія крамы, кааператыўная ашчадная каса (каса Стэфчыка).
У 1939 Цырын увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам сельсавета. На 1 студзеня2000 у вёсцы было 240 двароў.
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).