У снежні 2019 года стала вядома, што салігорскі «Шахцёр» плануе заявіць даччыную каманду ў Другую лігу[1]. У студзені 2020 года галоўным трэнерам новай каманды стаў Сяргей Нікіфарэнка, які раней працаваў у структуры салігорскага клуба[2]. Склад фарм-клуба ўтварылі ў асноўным былыя рэзервісты салігорскага «Шахцёра», таксама былі запрошаны і іншыя вопытныя ігракі. Некаторы час каманда рыхтавалася да новага сезона ў Салігорску, а ў сакавіку 2020 года быў адкрыты новы стадыён «Прыпяць» у Петрыкаве[3].
«Шахцёр» адразу стаў адным з фаварытаў Другой лігі. Скончыўшы першую частку Другой лігі 2020 на другім месцы пасля магілёўскага «Дняпра», «Шахцёр» упэўнена прайшоў фінальную частку і заняў другое выніковае месца, якое дазволіла выйсці ў Першую лігу. У сезоне 2021 у Першай лізе петрыкаўскі «Шахцёр» заставаўся фарм-клубам салігорскага, аднак камплектаваўся не толькі салігорскімі, але і іншымі, пераважна маладымі ігракамі. Каманда нестабільна правяла сезон, чаргуючы паспяховыя адрэзкі з правальнымі, у выніку фінішавала ў сярэдзіне, на 7-м месцы з 12.
У сезоне 2022 «Шахцёр» хутка апынуўся сярод лідараў турніру, значны час ішоў на першым месцы. Каманда ўпэўнена змагалася з аўтсайдарамі, дзе нярэдка перамагала з разгромным лікам, аднак матчы з асноўнымі канкурэнтамі атрымоўваліся горш. У верасні 2022 года АБФФ афіцыйна паведаміла, што «Шахцёр» як фарм-клуб не мае права падняцца ў Вышэйшую лігу[4], пасля чаго петрыкаўская каманда прапусціла наперад асноўных канкурэнтаў і фінішавала на трэцім месцы.
У пачатку 2023 года шмат ігракоў петрыкаўчан далучыліся да асноўнай каманды салігорскага «Шахцёра», як і галоўны трэнер Станіслаў Сувораў. Склад быў амаль поўнасцю абноўлены, яго склалі выключна салігорскія выхаванцы з дубля і юнацкіх каманд, новым трэнерам стаў Сяргей Лушчан, які раней працаваў з юнакамі салігорцаў. Новая каманда ўжо не магла змагацца за высокія месцы і апынулася ў канцы табліцы. Пад канец сезона вынікі сталі паляпшацца, але «Шахцёр» не здолеў узняцца вышэй за 16-е месца з 17.
У пачатку 2024 года першынство дублёраў было вырашана расфарміраваць, а дублюючы склад салігорскага клуба адправіўся выступаць у петрыкаўскі клуб, які па выніку стаў называцца «Шахцёр-2».