Першыя мастацкія навыкі атрымаў у студыі выяўленчага мастацтва гродзенскага «Палацу хімікаў» у мастака і выкладчыка Гары Канстанцінавіча Мазурава[2]. У 1982 годзе паспяхова здаў уступныя экзамены ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе яго настаўнікам быў вядомы беларускі мастак Гаўрыла Вашчанка.
У 1987 годзе атрымаў Дыплом з адзнакай выдатна i вылучэнне на медаль Акадэміі мастацтваў СССР у Ленінградзе. З 1987 жыве і працуе ў Гродне. З'яўляецца сябрай Беларускага Згуртавання мастакоў, сябрай Амерыканскай партрэтнай Асацыяцыі (Portrait Society of America).
Узнагароджаны граматамі і дыпламамі Беларускага Сгуртавання мастакоў, Памятным знакам «2000-годдзя хрысціянства», ганаровай граматай Міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь. Таксама З'яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Рэспублікі Беларусь і лаўрэат прэміі «За творчыя дасягненні ў вобласці культуры і мастацтвы» у намінацыі «Лепшы мастак».
Жонка Ірына — аўтар канцэпцыі і кіраўнік Музея гісторыі пажарнай службы Гродна[3]. Брат Анатоль — вядомы гарадзенскі журналіст (памёр у 2004)[4].
Творчасць
Выяўленчы лад твораў Уладзіміра Качана характарызуецца абагульненай манументалізацыяй і амаль рэльефнай пластыкай жывапісных рашэнняў. Асацыятыўныя вобразныя структуры перасякаюцца з рэальнымі жыццёвымі формамі. Мастак па-свойму інтэрпрэтуе вядомыя сюжэты з сусветнай міфалогіі, мастацтва, сакральнай гісторыі. У сваёй творчасці ён імкнецца спасцігнуць культурныя коды майстроў еўрапейскай жывапісу розных стагоддзяў, сцвярджаючы візуальную магчымасць сузірання падсвядомасці, выкарыстоўвае філасофскія алегорыі, экспрэсіўныя стылізацыі, ажыццяўляючы з дапамогай сродкаў мастацкай выразнасці пошукі звышнатуральнага ў паўсядзённай рэчаіснасці[5].
Частая тэматыка прац Уладзіміра Качана: гістарычныя постаці, героі, легенды, міфічныя сюжэты. Ён аўтар партрэтаў знакавых постацей гісторыі Гродна і Беларусі: Усавалада Гарадзенскага, Давыда Гарадзенскага, Стэфана Баторыя, Казіміра Ягелончыка, Боны Сфорца, Васіля Быкава і іншых[6].
«У яго вельмі розная тэматыка, але кожная работа адрозніваецца філасофскай глыбіней. Ён адлюстроўвае свет праз глыбокія мастацкія вобразы, апелюе да міфічных і рэлігійных сюжэтаў. Ён уздымае культурныя коды і па новаму асэнсоўвае іх. Мы глядзім і адчуваем, што гэты чалавек хвалюецца за тое, што адбудзецца на яго радзіме, у тым ліку ў горадзе Гродна», — казала пра творчасць Качана гродзенская мастацтвазнаўца Марына Загідуліна[7].
Акрамя жывапісу стварае вітражы, роспісы, фрэскі, мазаікі, фотакалажы, праектуе вырабы з металу, эксперыментуе з digital art[8].
Мастацкія праекты
1997—1998 — партрэтная галерэя для Гродзенскага гарвыканкама (ХII-ХХ ст.) «Мэрыя-2000» (14 твораў жывапісу);
1999 — да 100-годдзя Гродзенскай Епархіі 15 партрэтаў цыклу «Свяціцеляў зямлі Гарадзенскай»;
2000—2002 — партрэтная галерэя губернатараў Гродна з 1802 по 2002 гады (23 твора)[9];
2008 — манументальны роспіс «Вогнеборцы – гісторыя і традыцыі мужнасці» на фасадзе Музея гісторыі пажарнай службы Гродна[11]
2009 — праект «АртЭвалюцыя», галерэя Тызенгаўза, Гродна[12];
2010 — цыкл партрэтаў «Лікі Нацыі» да Фестывалю Нацыянальных культур у Гродне (10 твораў).
2015 — удзел у праекце «Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі», 13 — 31 сакавіка, карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі, Гомель[13]
«Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі»
«Каляды з Інфантай», 2010. Палатно, акрыл. 120 х 80 см
«Art Messia ХХI», 2015. Палатно, акрыл. 100 х 120 см
Працы ў гарадской прасторы Гродна
Манументальныя роспісы, муралы і скульптуры паводле эскізаў Уладзіміра Качана можна знайсці ў розных месцах Гродна. У 2008 годзе ён упрыгожыў роспісам «Вогнеборцы – гісторыя і традыцыі мужнасці» фасад Музея гісторыі пажарнай службы Гродна.
Манументальны роспіс «Вогнеборцы – гісторыя і традыцыі мужнасці» на фасадзе Музея гісторыі пажарнай службы Гродна[11]
У 2018 паводле эксіза Качана быў выкананы памятны знак да 165-годдзя пажарнай службы Беларусі, усталяваны ля Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС[14].
У 2023 годзе да святкавання Дня горада ў Гродне адкрылі мурал аўтарства Уладзіміра Качана з сюжэтамі, прысвечанымі гісторыі Гродна і паляванню. На мурале выяўленыя гродзенскія замкі, беларуская шляхта, алень святога Губерта і ўласна святы Губерт. Гэта адзін з самых вялікіх муралаў у Беларусі - ён займае плошчу каля 430 кв.м.[15].
Нерэалізаваныя прапановы
Уладзімір Качан вядомы ў Гродне сваімі прапановамі па ўпрыгожанні гарадской прасторы, якія ён скіроўвае да грамадскасці і адміністрацыі горада. Многія з іх застаюцца нерэалізаванымі.
У 2019 годзе прапаноўваў размясціць на сценах шматпавярховых дамоў муралы ў выглядзе традыцыйнай беларускай выцінанкі, партрэтаў дзеячоў культуры і пісьменнікаў, звязаных з Гроднам. Праект застаўся на ўзроўні ідэі[16].
У 2020 годзе прапаноўваў усталяваць у Гродне крыж-абярэг ад каранавіруса каля драмтэатра. Сцвярджаў, што праект такога памятнага крыжа на месцы страчаных храмаў зацвердзіла яшчэ папярэдняя адміністрацыя горада, але ён так і не быў рэалізаваны з-за адсутнасці фінансавання[17][18].