Правінцыя Тараконская Іспанія ўзнікла на месцы правінцыі Блізкая Іспанія (лац.: Hispania Citerior) і Галісіі (лац.: Gallaecia), часткі правінцыі Далёкая Іспанія, у 27 да н.э. пры рэформе правінцый імператара Аўгуста. Яна атрымала статус імператарскай правінцыі ў адрозненне ад дзвюх іншых пірэнейскіх правінцый, якія засталіся пад кантролем сената.
Пасля Кантабрскіх войн 29-19 да н.э. уся Іспанія патрапіла пад уладу Рыма. Кантабры былі апошняй народнасцю, якая захоўвала незалежнасць.
З 61 года пракуратарам Тараконскай Іспаніі становіцца Сервій Сульпіцый Гальба. У 68 годзе ён далучаецца да паўстанняВіндэкса, а пасля смерці апошняга і самагубства імператара Нерона сам становіцца імператарам.
У 73 годзе на пасадзе пракуратара Тараконскай Іспаніі апыняецца Пліній Старэйшы.
Тараконская Іспанія была страчана Рымам напачатку V ст. у выніку ўварвання вестготаў і распачатых у той жа час паўстанняў баскаў і кантабраў. У выніку на тэрыторыі Тараконскай Іспаніі ўзнікла каралеўства вестготаў.