Старыя могілкі — самы стары і вядомы некропаль Пінска. Могілкі ўключаюць у сябе каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія, агульнагарадскія і воінскія пахаванні, на іх пахаваны беларускія і польскія рэлігійныя, культурныя і грамадска-палітычныя дзеячы. Цераз могілкі ідзе вуліца Спакойная.
Гісторыя
Першыя пахаванні на могілках адносяцца да пачатку XIX стагоддзя. Каталіцкія і праваслаўныя пахаванні дзяліў праезд, які стаў пазней часткай вуліцы Спакойнай. Некаторыя надмагіллі і агароджы XIX — пачатку XX стагоддзяў выкананы на высокім мастацкім узроўні з каштоўных матэрыялаў і прадстаўляюць мастацтва пінскіх скульптараў, разьбяроў па камені, ліцейшчыкаў і кавалёў.
На могілках месціўся драўляны касцёл Маці Божай Балеснай, пабудаваны ў 1820 годзе. На пачатку 1980-х гадоў ён згарэў. На пляцы на месцы былога касцёла ўсталяваны крыж, каля якога штогод вернікі збіраюцца 1 лістапада на супольную малітву[1].
У 1823 годзе пабудавана драўляная праваслаўная царква ў стылі класіцызму[2], якая існавала да 1980-х гадоў. Далейшы лёс невядомы, захаваліся дзве мураваныя калоны ганка.