Стараду́бскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Смаленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Сталіца — горад Старадуб.
Галоўныя гарады — Дрокаў, Мглін, Пагар, Папова Гара, Почап, Сураж, Трубецк.
Гісторыя
У 1613 Вальны сойм аднавіў Смаленскае ваяводства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, што вызнала Маскоўская дзяржава пры складанні Дэвулінскага перамір’я (1618)[1]. У 1625 утварыліся Смаленскі і Старадубскі павет, у склад апошняга ўвайшлі Старадубскі, Папоўгорскі[3], Почапскі і Трубчэўскі «ўезды» (колішнія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Маскоўскай дзяржавы).
У 1626 прайшоў першы павятовы шляхецкі соймік. У 1646 з Кіеўскага ваяводства ў склад павета перадалі Лоеўска-Любецкае староства.
У 1648 тэрыторыю павета акупавалі казакі Б. Хмяльніцкага, мясцовая шляхта ўцякла на захад і атрымала назву «эгзулянты». Згодна з Андрусаўскім перамір’ем (1667) Севершчына апынулася пад уладай Маскоўскай дзяржавы.
Старадубская шляхта
У 1670 годзе для надзялення зямлёй старадубскай шляхты вылучылі Ожскае (Гожскае) староства (гл. Гожа) і Клейвы ў Гарадзенскім павеце, Пашырвінцкае староства ў Ковенскім павеце, Уцянскае староства ў Вількамірскім павеце. Ад 1777 года старадубская шляхта збіралася на соймікі ў Жыжморах у Троцкім павеце.
Ураднікі
Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал. Павятовы мундзір складаўся з «сапфіровага» кунтуша, залатых жупана і адваротаў.
На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 дзеля павелічэння колькасці сенатараў ад ВКЛ быў намінаваны кашталян старадубскі шляхам павышэння да кашталянскай годнасці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Ян Біспінг. Ён атрымаў прывілей 26.10.1793, але ўжо ў снежні таго ж года новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала старадубскую кашталянію. У выніку кашталян старадубскі захаваў свой тытул, але ўжо не меў сенатарскіх паўнамоцтваў.
Галерэя
- Помнікі архітэктуры
-
Мікольская царква ў Новым Ропску
-
Царква Раства Багародзіцы ў Старым Ропску
-
Забрамскі манастыр
-
Царква Раства Хрыстова ў Старадубе
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура