«Рататуй» (англ.: Ratatouille) — амерыканскі анімацыйны фільм студыі «Pixar» 2007 года. Пераможца прэміі «Оскар» (2008) у намінацыі «Найлепшы анімацыйны поўнаметражны фільм».
Сюжэт
Па сюжэце, пацук Рэмі валодае ўнікальным густам. Ён гатовы рызыкаваць уласным жыццём, каб паглядзець любімае кулінарнае шоу і раздабыць якую-небудзь прыправу ці проста свежы прадукт. Рэмі жыве са сваімі суродзічамі, якія яго не разумеюць і не прымаюць яго захаплення кулінарыяй. Калі Рэмі выпадкова трапляе на кухню шыкоўнага рэстарана, ён вырашае скарыстацца шанцам, які яму выпаў, і праверыць свае навыкі.
На гэтую ж кухню трапляе і юны Лінгвіні. Усё, на што ён можа разлічваць — гэта пасада прыбіральніка. Але ён таксама атрымлівае свой шанец.
Беларуская агучка
Афіцыйны беларускі пераклад быў падрыхтаваны студыяй «Кінаконг» і выйшаў у красавіку 2022 года на відэасэрвісе VOKA[3]. Ролі ў ім агучвалі Сяргей Жбанкоў, Уладзіслаў Вінаградаў, Андрэй Бібікаў, Аксана Чывялёва, Аляксандр Вергуноў, Павел Еўтушэнка, Георгій Маляўскі, Ігар Сідорчык, Андрэй Мілюхін, Аляксандр Аўчыннікаў, Павел Харланчук, Зміцер Рачкоўскі, Святлана Цімохіна, Леся Леснікава ды іншыя.