Петрапаўлаўская крэпасць — крэпасць у Санкт-Пецярбургу, размешчаная на Заечым востраве, гістарычнае ядро горада. Афіцыйная назва — Санкт-Пецярбургская, у 1914—1917 гадах — Петраградская крэпасць.
У 1731 годзе на Нарышкіным бастыёне пабудавалі Сцягавую вежу, на якой сталі падымаць сцяг (гюйс) (першапачаткова сцяг падымаўся на Гасударавым бастыёне). Сцяг падымаўся з ранішнім світанкам, апускаўся з вячэрнім заходам. З 1917 г. сцяг не падымаўся, але ў 1990-я гады гэту традыцыю адрадзілі (спачатку сцяг падымалі і апускалі, але пасля яго сталі ўвесь час трымаць на мачце).
З 1730-х гадоў з'явілася традыцыя адзначаць поўдзеньгарматным выстралам з Нарышкіна бастыёна. Выстрал таксама адзначаў пачатак і канец рабочага дня. Увесь час сталі страляць з 1873 года. У 1934 годзе выстралы спынілі, але ў 1957 годзе гэту традыцыю адрадзілі. У XIX стагоддзі на тэрыторыі крэпасці з 11 да 12 гадзін дня іграў аркестр. У 2005 годзе ў сцягавай вежы ўсталявалі раяль, час ад часу сюды для гульні запрашаюць вядомых музыкантаў.
У 1779—1785 гадах частку Петрапаўлаўскай крэпасці абліцавалі гранітам. У 1784—1787 гадах быў нададзены ўрачысты від Неўскім варотам і Каменданцкай прыстані. Пад аркай Неўскіх варот аформлены «Летапіс катастрафічных паводак». У ёй адзначаны найвышэйшыя ўздымы вады ў 1752, 1777, 1788, 1824, 1924 і 1975 гадах.
У 1798—1806 гадах былі пабудаваны будынкі Манетнага двара (Манетны двор быў пераведзены з Масквы ў Санкт-Пецярбург у 1724 годзе і да будаўніцтва асобнага будынка манеты чаканілі ў памяшканнях Трубяцкога і Нарышкіна бастыёнаў). Да канца 1990-х гадоў толькі тут вырабляліся ўсе металічныя манеты, усе ордэны і медалі (за выключэннем ордэнаў ручной працы). З канца 1990-х гадоў манеты пачалі чаканіць і ў Маскве.
Справа ад Пятроўскіх варот у 1801—1802 гадах быў пабудаваны склад зброі (артылерыйскі цэйхгаўз).
Петрапаўлаўская крэпасць ніколі не прымала непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях. З самага пачатку свайго існавання яе пачалі выкарыстоўваць у якасці галоўнай палітычнай турмы Расіі. Адным з першых вязняў крэпасці быў царэвіч Аляксей (ён памёр ці быў тайна забіты ў крэпасці ў 1718 годзе). Тут жа знаходзілася ў зняволенні князёўна Тараканава. У 1790-х гадах у крэпасці ўтрымліваўся Радзішчаў, аўтар кнігі «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву».
8 лістапада1925 года Ленінградскі савет пастанавіў разбурыць Петрапаўлаўскую крэпасць, а на яе месцы пабудаваць стадыён, але гэта рашэнне было неўзабаве адменена.
З 1925 па 1933 гады ў Іаанаўскім равеліне знаходзілася Газадынамічная лабараторыя, у якой склаўся навуковы і практычны касцяк расійскай касманаўтыкі і ваеннай ракетнай тэхнікі.
У 1991 годзе на тэрыторыі Петрапаўлаўскай крэпасці ўсталяваны помнік Пятру Вялікаму працы скульптара Шамякіна.
З пачатку XXI стагоддзя на пляжы Петрапаўлаўскай крэпасці праводзяцца розныя забаўляльныя мерапрыемствы. Таксама праводзяцца экскурсіі.
У наш час у крэпасці пад відам рэстаўрацыі праводзіцца перабудова з ужываннем сучасных будаўнічых матэрыялаў (на тоўсты пласт з мантажнай пены, цэменту і тынкоўкі наносіцца бутафорская выява цэглы. Таксама просты цагляны мур пакрываецца імітацыяй гранітных пліт).
Петрапаўлаўская крэпасць з'яўляецца гістарычна ўнікальным абарончым збудаваннем з экстэрытарыяльнымі падтрымліваючымі абарончымі пунктамі:
Крэпасць «замыкае» раку Няву.
Ад нападу з боку Петраградскага вострава (Паўночнага захаду) крэпасць абараняе Кронверк з крапасным ровам і паласой адчужэння (гласісам) перад ім (па Кронверкскім праспекце, цяпер тут парк).
Ад нападу з процілеглага боку ракі крэпасць абараняе Адміралцейства (да канца XVIII з'яўлялася крэпасцю, мела земляны ўзгорак і гласіс на месцы Аляксандраўскага саду).